БФСС заклікаў НАК ЗША ўвесці крытэрыі допуску беларускіх спартсменаў да Алімпіяды
16 снежня 2022
145

Беларускі фонд спартыўнай салідарнасці (БФСС) звярнуўся да Алімпійскага і Паралімпійскага камітэта ЗША з заклікам увесці крытэрыі допуску на Алімпіяду-2024 ў Парыжы для спартсменаў з Беларусі і Расіі, каб там не маглі выступіць тыя, хто падтрымлівае вайну і рэпрэсіі. Магчымасць выставіць праўладных спартсменаў толькі без дзяржаўнай сімволікі ўжо задавальняе Лукашэнку.

Зварот ад арганізацыі свабодных беларускіх атлетаў стаў адказам на словы старшыні праўлення Алімпійскага і Паралімпійскага камітэта ЗША Сюзана Лайёнс аб тым, што запрашэнне беларусаў і расіян на летнія Алімпійскія гульні-2024 магчыма, калі яны будуць выступаць не пад дзяржаўнымі сцягамі сваіх краін.

Допуск спартоўцаў, якія не падзяляюць агульначалавечыя каштоўнасці, можа падарваць прэстыж спорту як глабальнай сілы, якая разумее сваю сацыяльную адказнасць і спрыяе павазе да фундаментальных этычных прынцыпаў”, – сцвярджаецца ў паведамленні тэлеграм-канала БФСС ад 15 снежня 2022 года.

Свабодныя беларускія спартсмены нагадваюць, што спецыяльнай камісіяй у Польшчы ўжо былі распрацаваныя рэкамендацыі па крытэрах допуску спартсменаў, якія былі прыняты Міністэрствам спорту Польшчы і накіраваныя ўсім польскім федэрацыям.

Гэтыя крытэры ўключаюць непрадстаўніцтва і фінансавую незалежнасць ад краін-агрэсараў, а таксама доказ грамадзкай пазіцыі супраць вайны, у тым ліку, напрыклад, падпісаннем Антываеннай дэкларацыі спартоўцаў”, – указвае БФСС.

Лукашэнкаўскія ўлады ўжо гатовы выставіць сваіх спартсменаў на Алімпіяду без дзяржаўнай атрыбутыкі. “Тое, што без сімволікі (без сцяга, без гімна і іншага), – гэта дрэнна. Але гэта не катастрофа“, – цытуе Аляксандра Лукашэнку праўладнае агенцтва Белта.

Нагадаем, што ў лістападзе 2022 года Міжнародны паралімпійскі камітэт (МПК) большасцю галасоў прыпыніў членства Паралімпійскага камітэта Беларусі. Тое ж самае адбылося і ў дачыненні паралімпійцаў з Расіі. У кастрычніку 2022 года БФСС дамовіўся аб выступленнях у Польшчы юных беларускіх тэнісістаў.