Чыноўнікаў з РБ хочуць пазбавіць голаса ў спартыўных федэрацыях
17 жніўня 2022
140

Дэпутатка Еўрапарламента Віёла фон Крамон заклікала адабраць правы ў чыноўнікаў з Расіі і Беларусі ў міжнародных спартыўных федэрацыях.

Паводле яе, Расіі ўдалося ўзмацніць свой уплыў за гэтыя гады – дзякуючы вельмі шчодрым фінансавым уліванням у міжнародны спорт, у нацыянальныя і прафесійныя асацыяцыі.

Таксама сістэма настолькі падарваная і карумпаваная знутры, што ніхто не смее выступіць супраць прадстаўнікоў Расіі. Расія ўсё яшчэ можа выкарыстаць свой уплыў, нават нягледзячы на тое, што спартсменаў больш не дапушчаюць да спаборніцтваў.

«Час накласці санкцыі і адклікаць усе правы ва ўсіх расійскіх і беларускіх чыноўнікаў, якія яшчэ маюць права голасу ў міжнародных спартыўных федэрацыях. Я хачу, каб Нямецкі футбольны саюз (DFB) і Алімпійская спартовая канфедэрацыя Нямеччыны (DOSB) узялі на сябе ролю лідэраў у гэтым пытанні», – цытуе еўрадэпутатку Athletes for Freedom.