Цэнтр новых ідэй стварыў навучальны курс па знешняй палітыцы
1 сакавіка 2023
161

Аналітычны цэнтр “Цэнтр новых ідэй” абвесціў набор у сваю Акадэмію новай беларускай дыпламатыі.

Мы рады абвесціць, што запускаем новы адукацыйны курс пра знешнюю палітыку Беларусі. У межах Акадэміі мы плануем даць разуменне ўмоваў фармавання і цяперашняга стану знешняй палітыкі Беларусі, а таксама развіць навыкі неабходныя для самастойнага прасоўвання беларускай павесткі ў міжнародным асяроддзі”, – гаворыцца ў паведамленні цэнтра на яго старонцы ў Facebook.

Курс арыентаваны на маладых лідараў ад 18 да 35 гадоў, якія цікавяцца знешняй палітыкай, займаюцца грамадскай альбо журналістскай дзейнасцю.

Абвешчанае навучанне мае на мэце даць разуменне ўмоваў фармавання і цяперашняга стану знешняй палітыкі Беларусі, а таксама неабходныя навыкі для самастойнага прасоўвання беларускай павесткі ў міжнародным асяроддзі, гаворыцца на сайце Акадэміі новай беларускай дыпламатыі.

Паводле стваральнікаў курса, праграма навучання будзе складацца з анлайн-сесіі (16 заняткаў і напісанне эсэ) і практычнай часткі ў афлайне (уік-энд у Варшаве). Адукацыйны курс стартуе 21 сакавіка 2023 года і завяршаецца 11 траўня 2023 года. Дэдлайн падачы заяўкі 17 сакавіка 2023 года.

Нагадаем, што ў снежні 2022 года ў Інстытуце Усходняй Еўропы Варшаўскага ўніверсітэта ў трэці раз распачалося навучанне на спецыяльным дыпламатычным курсе. Паводле інфармацыі Нацыянальнага антыкрызіснага ўпраўлення (НАУ), у трэцім наборы прымаюць удзел 15 слухачоў. Раней выпускнікамі дыпкурса сталі каля 50 беларусаў.

Рада Еўропы прыпыніла супрацоўніцтва з лукашэнкаўскімі ўладамі ў сакавіку 2022 года ў сувязі з іх удзелам ў вайсковай агрэсіі супраць Украіны. Напачатку лістапада 2022 года ў Радзе Еўропы была створана кантактная група па супрацоўніцтву з беларускім грамадствам.

У жніўні 2022 года валанцёры Офісу Святланы Ціханоўскай апублікавалі карту з пазначэннем краін, з якімі ўдалося ўстанавіць «дыпламатычныя сувязі». Паводле іх, за два гады Ціханоўская сустрэлася з лідэрамі 35 краін, з некаторымі краінамі былі дасягнуты дамоўленасці на ўзроўні міністэрстваў замежных спраў. Таксама валанцёры сцвярджалі, што ў некаторых дзяржавах офіс мае сяброўскіх дэпутатаў парламентаў, а ў 10 краінах — цэлыя групы сяброў Беларусі.

Выява: сайт Цэнтра новых ідэй