Ціханоўская прапанавала Ўкраіне наладзіць супрацоўніцтва з яе пераходным кабінетам
6 кастрычніка 2022
148

Не можа быць бяспечнай Еўропы і бяспечнай Украіны без свабоднай Беларусі, лічыць лідэр беларускага пратэста, кіраўніца Аб’яднанага пераходнага кабінета Святлана Ціханоўская, якая прыняла ўдзел у Варшаўскім форуме па бяспецы.

Беларускі палітык лічыць, што зараз не щсе на свеце цалкам разумеюць, што адбываецца ў Беларусі і ва Украіне. ”Нам таксама патрэбная ўкраінская падтрымка. Нічога не дапаможа Украіне так, як ліквідацыя 1000 км варожай беларуска-ўкраінскай мяжы. Мы павінны разам працаваць над стварэннем саюзу паміж Украінай і дэмакратычнай Беларуссю. Мы прапануем Украіне наладзіць супрацоўніцтва з Аб’яднаным пераходным кабінетам”, – заявіла Святлана Ціханоўская.

Яна заклікала адрозніваць беларусаў ад лукашэнкаўскага рэжыму. “Ціснуць на дыктатуру, але дапамагаць народу. Забарона на выдачу візаў беларусам – гэта не выйсце. Замест гэтага падумайце пра тое, каб закрыць шчыліны, каб Лукашэнка і Пуцін не змаглі пазбегнуць санкцый”, – казала лідэр беларускага пратэсту, адзначыўшы, што дзякуючы паслядоўнай пазіцыі Еўропы рэжым быў ізаляваны, а грамадзянская супольнасць і незалежныя СМІ аднавілі сваю працу. 

На прайшоўшым 30 верасня – 2 кастрычніка 2022 года ў Коўне Кангрэсе даследчыкаў Беларусі прадстаўніца агенцтва InfoSapiens (Кіеў) Іна Валасевіч заявіла, што 54% украінцаў лічыць, што трэба супрацоўнічаць з беларускай дэмакратычнай апазіцыяй.

Паводле яе, пераважная большасць — 83% — упэўнена, што Лукашэнка “не адказвае легітымнаму выбару беларусаў”, перадае тэлеграм-канал “Позірк“.

Нагадаем, што напрыканцы верасня 2022 года Аб’яднаны пераходны кабінет Святланы Ціханоўскай заявіў аб неадпаведнасці міжнароднаму праву ні ініцыятывы, ні працэсу, ні вынікаў рэферэндумаў, якія Расія праводзіць на акупаваных тэрыторыях Украіны.

Фота: сайт “Святлана Ціханоўская”