Ціханоўская прызнала вырашальную ролю дыяспары ў дэмакратычным руху
9 снежня 2022
229

Дыяспара працуе на свабодную Беларусь. Пра гэта заявіла лідэр беларускага пратэста Святлана Ціханоўская, сустракаючыся з беларусамі Гданьску. У Варшаве яна прызнала сваёй галоўнай памылкай ранейшае незацікаўленне палітыкай.

Беларуская дыяспара працягвае працаваць на свабодную Беларусь. Я сустрэлася з беларусамі з Гданьска. Яны праводзяць мітынгі ў падтрымку Ўкраіны, збіраюць подпісы, дапамагаюць рэпрэсаваным. Пасля пачатку вайны многія загаварылі па-беларуску! Дыяспара грае вырашальную ролю ў нашым дэмакратычным руху”, – напісала палітык 8 снежня 2022 года ў сваім Twitter.

Падчас наведвання Гданьску Ціханоўская таксама сустрэлася з былым лідарам “Салідарнасці” і экс-прэзідэнтам Польшчы Лехам Валенсай. Ён павіншаваў праваабаронцу Алеся Бяляцкага і ўсіх беларусаў з Нобелеўскай прэміяй і выказаў упэўненасць, што беларусы перамогуць.

Як напярэдадні візіта да Валенсы паведамляў старэйшы дарадца Ціханоўскай Франак Вячорка, практычных палітычных мэтаў у сустрэчы няма, але гэта жэст узаемнай салідарнасці, павагі і нагода падзякаваць Валенсу ў тым ліку за падтрымку Беларусі, дэмакратычных зменаў. Пра гэта дарадца распавеў тэлеграм-каналу “Позірк”.

8 снежня 2022 года Ціханоўская сустрэлася з дыяспарай у Варшаве перад візітам да прэзідэнта Польшчы Анджэя Дуды. Адказваючы на пытанне пра памылкі ў яе жыцці, цяперашні лідэр беларускага пратэста называе шматгадовае незацікаўленне Беларуссю. «Вялікая памылка ў маім жыцці – гэта тое, што я, як насамрэч і мільёны іншых беларусаў, не цікавіліся Беларуссю ўсе гэтыя гады. Мы жылі сваімі жыццямі і не далучаліся ўсе гэтыя 28 гадоў да тых людзей, якія стаялі наперадзе. Такіх як Мікалай Статкевіч, як Павел Севярынец, як Аляксандр Мілінкевіч ды іншыя. Яны былі наперадзе, а мы… ну хай яны там нешта робяць, а мы пажывем ды пабачым», – цытуе Ціханоўскую Белсат.

Па яе словах, «мы самі дапусцілі такую сітуацыю, у якой апынуліся, бо да 2020 года людзі спалі» і не звярталі ўвагі на тых, хто даўно ўжо біў у званы. «Гэта самая-самая вялікая памылка наша», – падкрэсліла Святлана Ціханоўская, адзначыўшы, што яна і іншыя не цікавіліся гісторыяй, беларускай мовай, “жылі як жылося”, “проста плылі па цячэнні”.

Фота: Twitter Святланы Ціханоўскай