Ціханоўская ў Давосе: спыніце ўсе сувязі з праўладным бізнесам у Беларусі
19 студзеня 2023
134

Лідэр беларускага пратэста Святлана Ціханоўская заклікала ўдзельнікаў Міжнароднага эканамічнага форума ў швейцарскім Давосе спыніць любое супрацоўніцтва з праўладным бізнесам і блізкімі да Аляксандра Лукашэнкі людзьмі, але ў той жа час падтрымаць беларусаў у эміграцыі.

Я заклікаю вас спыніць любыя сувязі з бізнесамі і людзьмі, блізкімі да Лукашэнкі, і наладжваць сувязі з сумленным бізнесам дэмакратычнай Беларусі”, – сказала ў сваім выступленні палітык, якое размешчана на яе сайце

Яна нагадала, што зараз узровень тэрору ў Беларусі толькі павялічваецца. “Толькі за мінулы год было заведзена каля 5000 палітычна матываваных крымінальных справаў. Кожны дзень у спісах затрыманых з’яўляецца каля 17 новых імёнаў”, – указала Ціханоўская.

Паводле яе, з-за рэпрэсій пасля жніўня 2020 года краіну мусілі пакінуць больш за дзвесце тысячаў беларусаў. Для большасці з іх гэта быў не іх выбар, а неабходнасць не трапіць у турму. Гэтыя людзі былі дастаткова смелыя, каб пратэставаць у Беларусі ў 2020 годзе, і яны застаюцца смелымі ў эміграцыі, каб працягваць сваю справу.

Святлана Ціханоўская акрэсліла тры асноўныя праблемы, з якімі сутыкаюцца беларускія бізнесоўцы. Гэта, па-першае, рост попыту на візы для пераезду працадаўцаў, супрацоўнікаў і іх сем’яў; па-другое, складанасці пры адкрыцці і вядзенні банкаўскіх рахункаў; i па-трэццяе, абмежаваны доступ да фінансавання і інвестыцый з-за адсутнасці крэдытнай гісторыі.

Ліквідацыя гэтых праблемаў дазволіць нашым сумленным прадпрымальнікам застацца ў бізнесе і быць гатовымі працягваць працу ў новай дэмакратычнай Беларусі. Можна толькі ўявіць, чаго яны даб’юцца, калі ў Беларусі створацца спрыяльныя ўмовы для вядзення бізнесу і не будзе страху ўсё страціць”, – адзначыла беларускі палітык.

У якасці прыкладу шляху паляпшэння ўмоў Святлана Ціханоўская прывяла польскую спецыяльную праграму дапамогі Poland Business Harbor, заклікаўшы іншыя краіны запускаць падобныя праграмы.

“Я заклікаю ўлады іншых краінаў прыняць беларускіх бізнесоўцаў. Я заклікаю міжнародныя кампаніі браць на працу беларусаў і беларусак. Я заклікаю міжнародныя арганізацыі і палітычных дзеячаў дапамагчы нам у вырашэнні ключавых праблемаў беларускага бізнесу”, – заявіла сярод іншага Ціханоўская.

Таксама ў Давосе з мэтай вырашэння праблем беларускага бізнесу кіраўніцтва Асацыяцыі беларускага бізнесу за мяжой ABBA правяло некалькі сустрэч з топ-менеджарамі вядучых польскіх банкаў і такім чынам працягнулі дыялог, накіраваны на вырашэнне праблем банкаўскага абслугоўвання ў Польшчы, распавялі “Дыяспары.info” ў АВВА. Бакi дамовiлiся разам праводзіць ацэнку фінансавых патрэбаў беларускага бізнесу ў Еўропе, каб выпрацаваць механізмы для яго крэдытавання ў Польшчы і краінах Балтыі. “Галоўная мэта – пераканаць еўрапейскія банкі і фінансавыя ўстановы ў тым, што беларускі бізнес мае вялікі патэнцыял для росту, а таму патрабуе доступ да пазыковых сродкаў для свайго развіцця нароўні з іншымі еўрапейскімі кампаніямі“, – паведамілі ў арганізацыі.

Нагадаем, што прадстаўнікі Асацыяцыі беларускага бізнесу за мяжой ABBA і лідэр беларускага пратэста Святлана Ціханоўская на Міжнародным эканамічным форуме, які адкрыўся 16 студзеня 2023 года ў швейцарскім Давосе, планавалі абмяркаваць візавыя пытанні, банкаўскае абслугоўванне, доступ да фінансавання і праграм падтрымкі, легалізацыю і іншыя пытанні, якія стаяць перад беларускімі бізнесоўцамі.

Фота: тэлеграм-канал Святланы Ціханоўскай