Цырымонія прысуджэння звання ганаровага прафесара Марыі Калеснікавай намечана ў Аўстрыі
26 кастрычніка 2022
160

Сястра Марыі Калеснікавай Таццяна Хоміч запрошана ў аўстрыйскі Зальцбург на ўрачыстую цырымонію з нагоды прысуджэння палітзняволенай актывістцы звання  ганаровага прафесара Зальцбургскага ўніверсітэта Моцарта.

Прысуджэнне прафесарскага звання Марыі Калеснікавай (на фота) адбылося яшчэ ў сакавіку 2022 года. А ўрачыстую цырымонію прызначылі на 30 кастрычніка 2022 года ў межах праекта мастацкай узаемападтрымкі Practicing Care. Таццяна Хоміч будзе прадстаўляць на мерапрыемстве інтарэсы сваёй сястры, распавядаецца на сайце ўніверсітэта.

Паводле арганізатараў, ушанаванне грамадскай і палітычнай дзейнасці Марыі Калеснікавай мае важны сімвалічны пасыл не толькі для беларускага, але і заходнееўрапейскага грамадства.

Праект «Practicing Care» быў заснаваны ў 2022 годзе ў Зальцбургскім універсітэце Моцарта і мае на мэце прыцягнуць увагу да міжнароднай сацыяльнай адказнасці еўрапейскіх універсітэтаў мастацтваў, падтрымаць творцаў, якія пацярпелі за сваю грамадзянскую пазіцыю, і стварыць умовы для плённага міжкультурнага дыялогу.

Лукашэнкаўскія ўлады прыгаварылі палітзняволеную Марыю Калеснікаву да 11 гадоў калоніі, беспадстаўна абвінаваціўшы яе ў спробе захопу ўлады, публічных закліках да дзеянняў, скіраваных на прычыненне шкоды нацыянальнай бяспецы, стварэнні экстрэмісцкага фарміравання.

Нагадаем, што 7 кастрычніка 2022 года палітзняволены беларускі праваабаронца Алесь Бяляцкі атрымаў Нобелеўскую прэмію міру.

Фота: тэлеграм-канал Праваабарончага цэнтра “Вясна”