Да колькасці беларускіх палітвязняў дадаліся яшчэ два чалавекі
23 снежня 2022
132

Беларускія праваабаронцы прызналі палітычнымі зняволенымі Фелікса Жылінскага і Андрэя Навакоўскага. Агульная колькасць палітвязняў у Беларусі на 23 снежня 2022 года склала 1442 чалавекі.

Жылінскі асуджаны да чатырох гадоў пазбаўлення волі па абвінавачванні ў “абразе” Лукашэнкі, заклікі да супраціўлення разгонам мірных сходаў і супраціўленне арышту, акрамя таго, ён па сумнеўных падставах абвінавачаны паводле ч. 1 арт. 343 КК за выраб і захоўванне з мэтай распаўсюду выявы парнаграфічнага характару.

Навакоўскага прыгаварылі да трох гадоў пазбаўлення волі за арганізацыю ці актыўны ўдзел у групавых дзеяннях, якія груба парушаюць грамадскі парадак, а таксама супраціўленне арышту ва ўласнай кватэры.

Мірныя сходы грамадзян павінны знаходзіцца пад абаронай дзяржавы і міліцыя не павінна прадпрымаць дзеянні па гвалтоўным іх спыненні, нават калі яны адбываюцца ў парушэнне працэдур іх арганізацыі і правядзення. Гвалтоўнае спыненне сходаў і прымяненне фізічнай сілы, а пагатоў спецыяльных сродкаў і зброі, да пратэстоўцаў павінна ажыццяўляцца толькі як крайняя мера, у выпадках, калі паводзіны ўдзельнікаў сходу носяць гвалтоўны характар, што ўяўляе рэальную пагрозу нацыянальнай і грамадскай бяспецы, жыццю і здароўю грамадзян“, – гаворыцца ў заяве праваабаронцаў на сайце Праваабарончага цэнтру “Вясна”.

Праваабаронцы патрабуюць ад лукашэнекаўскіх улад неадкладнага перагляду прынятых у дачыненні да Жылінскага і Навакоўскага судовых рашэнняў пры выкананні права на справядлівы судовы разгляд і ліквідацыі згаданых фактараў, вызвалення іх з прымяненнем іншых мер, якія забяспечваюць яўку ў суд, а таксама вызвалення ўсіх палітычных зняволеных.

Адзначым, што колькасць прызнаных палітвязнямі ў Беларусі на 22 снежня 2022 года складала 1443 чалавекі. Калоніі пакідаюць адны асуджаныя за “палітыку”, а на іх месца прыходзяць наступныя.