Дэкламатарскі анлайн-конкурс беларускіх вершаў арганізавалі ў Беластоку
23 лістапада 2022
401

Фонд Tutaka, які знаходзіцца ў польскім Беластоку, прапануе ўсім жадаючым паўдзельнічаць у II Дэкламатарскім конкурсе, прымеркаваным да Дня роднай мовы, які адзначаецца ў лютым.

Першы такі конкурс адбыўся ў пачатку гэтага года і тады фонд Tutaka спрабаваў заахвоціць аматараў беларускага паэтычнага слова паказаць свае ўменні, прачытаць свае любімыя вершы, прадэманстраваць дэкламатарскія здольнасці. Асноўнай мэтай было падтрыманне беларускай мовы як аднога з самых важных элементаў нашай тоеснасці і беларускай паэзіі ды літаратуры, як асноўнага носьбіту, які не дае нашай мове знікнуць. Вось гэтым конкурсам і надалей заахвочваем, каб людзі звярталіся да беларускай паэзіі, мовы і дэманстравалі свае мастацкія здольнасці”, – распавёў “Будзьма беларусамі” сябра праграмнай рады фонда Tutaka Зміцер Косцін.

Цяперашні конкурс пройдзе ў два этапы. Падчас першага удзельнікі будуць дасылаць відэа з вершам і анкетай да 31 студзеня 2023 года на адрас: konkurs@tutaka.org ці трансферам кшталту wetransfer.com, myairbridge.com, dropbox, google disk. Да 10 лютага 2023 года журы назаве імёны тых, хто пройдзе ў другі этап, які стане фінальным.

Уласна фінал конкурсу намечаны ў Тэатры лялек (Беласток) 21 лютага 2023 года. Удзельнікі, якія пройдуць у фінал, будуць запрошаныя арганізатарам конкурсу ў Беласток, каб вызначыць пераможцаў. Існуе магчымасць выступу у фінале ў фармаце анлайн. Квіткі ад месца пражывання да месца правядзення фінала конкурсу, а таксама пражыванне фіналістаў у Беластоку арганізатарам не аплачваюцца.

Конкурс будзе праходзіць у трох узроставых катэгорыях: I катэгорыя — дзеці да 12 гадоў; II катэгорыя — дзеці і падлеткі ад 12 да 16 гадоў; III катэгорыя — моладзь ад 16 гадоў і дарослыя.

Рэпертуар удзельніка конкурсу складаецца з аднаго верша ці часткі паэмы, не большых за пяць хвілін, абавязкова на беларускай мове. 

За перамогу прадугледжаны грашовыя ўзнагароды: 1 месца — 400 злотых; 2 месца — 200 злотых; 3 месца −150 злотых.

Дэкламатарскі конкурс да Дня роднай мовы — гэта конкурс аматараў беларускай паэзіі, якія хочуць пазмагацца за перамогу ў лепшым выкананні верша ці вершаванай часткі твора. Ініцыятыва ладзіцца з мэтай паглыблення зацікаўленасці беларусаў ва ўсім свеце беларускай культурай, гісторыяй, літаратурай, дэманстрацыі запатрабаванасці ў адчуванні сябе беларусамі і далучэнні да беларускамоўнага асяроддзя.

Да лютага 2022 года на І Дэкламатарскі конкурс фонд “Тутака” атрымаў больш за 40 заявак, паведамляе “Польскае радыё“.

У катэгорыі да 12 гадоў перамагла Ганна Балтрамюк, другое месца заняў Яўген Дзерман, а трэцяе – Марыя Ганчарова. У катэгорыі 12-15 гадоў першае месца – Ніка Паўлоўская, другое – Міхаліна Косьціна, трэцяе – Ніна Белавежац. У катэгорыі 16+ перамагла Вольга Каралёнак, другі быў Андрэй Цяпін, а трэцяя Наталля Балтрамюк.