Дэлегацыя свабодных беларускіх спартсменаў рыхтуецца сустрэцца з дыяспарай у ЗША
18 кастрычніка 2022
138

Афіцыйны візіт беларускіх і ўкраінскіх спартсменаў у ЗША (Вашынгтон і Нью-Йорк) запланаваны 22 кастрычніка – 4 лістапада 2022 года

Акрамя сустрэчы з дыяспарай, беларускія і ўкраінскія спартсмены мяркуюць правесці перамовы з амерыканскімі палітыкамі, прадстаўнікамі спартыўных ліг і федэрацый, даць каментары і інтэрвью тамтэйшым журналістам, паведамляе тэлеграм-канал Athletes for Freedom.

Сваёй галоўнай мэтай візіцёры абазначылі данясенне інфармацыі пра тое, адбываецца ў Беларусі і як спартсмены рэагуюць на палітычныя рэпрэсіі і вайну ва Ўкраіне.

У складзе беларускай часткі дэлегацыі: Андрэй Краўчанка — сярэбраны прызёр Алімпійскіх гульняў, двухразовы сярэбраны прызёр чэмпіянату свету, чэмпіён Еўропы па лёгкай атлетыцы; Міхаіл Залеўскі — прадстаўнік Фонда спартыўнай салідарнасці па пытаннях абароны правоў спартоўцаў і санкцыйнай палітыцы. Ва ўкраінскай – Вольга Саладуха — бронзавая прызёрка Алімпійскіх гульняў, чэмпіёнка свету і чатырохразовая чэмпіёнка Еўропы па лёгкай атлетыцы, грамадскі дзеяч, кіраўніца грамадскай арганізацыі “Дабрачынныя ініцыятывы Вольгі Саладухі”.

Узначаліць дэлегацыю выканаўчы дырэктар Фонда спартыўнай салідарнасці Аляксандр Апейкін.

Злучаныя Штаты вітаюць намаганні Беларускага Фонда спартыўнай салідарнасці па падтрымцы і абароне праў спартсменаў ва ўмовах жорсткага прыцяснення з боку рэжыму Лукашэнкі, а таксама рэпрэсій у дачыненні да беларусаў унутры краіны і за яе межамі, перадае словы дзяржсакратар ЗША Энтані Блінкена сайт Дзярждэпартамента гэтай краіны.