Дэмсілы плануюць стварыць сістэму сваіх прадстаўніцтваў у розных краінах
23 снежня 2022
127

Намеснік прадстаўніка па замежных справах Аб’яднанага пераходнага кабінета Ўладзімір Астапенка анансаваў супрацоўніцтва з Народнымі амбасадамі Беларусі, якія намераны замясціць лукашэнкаўскія пасольствы за мяжой і нядаўна адкрылі свае прадстаўніцтвы ў Ізраілі і Італіі.

Усе прадстаўніцтвы, як бы яны ні называліся і ў якой бы якасці яны ні адкрываліся, будуць працаваць у рамках агульнай сістэмы, цытуе тэлеграм-канал “Позірк” Уладзіміра Астапенку, які таксамам з’яўляецца кіраўніком місіі дэмакратычнай Беларусі ў Бруселі.

На яго думку, МЗС Беларусі сёння “абсалютна не займаецца” абаронай і прасоўваннем нацыянальных інтарэсаў, але ад гэтага яны “не раствараюцца і не знікаюць”.

У той жа час Народныя амбасады Беларусі правялі 22 снежня 2022 года прэс-канферэнцыю з нагоды двухгоддзя свайго існавання. Іх прадстаўнікі сцвярджаюць, што становяцца “кропкамі ўваходу” па ўсіх пытаннях, датычных Беларусі, паступова змяшчаюць сабой лукашэнкаўскія пасольства на міжнародных мерапрыемствах, у стасунках з мясцовымі палітыкамі, дыпкорпусам і адстойванню інтарэсаў беларусаў за мяжой. Таксама яны паведамілі аб адкрыцці Народных амбасадаў Беларусі ў Ізраілі і Італіі.

Нагадаем, што раней Народныя aмбасады Беларусi сумесна з МЗС Эстоніі і фондам “Страна для жізні” запусцілі акцыю па віншаванні дзяцей палітвязняў з Калядамі і Новым Годам.