Два беларусы захоплены лукашэнкаўскімі сілавікамі па вяртанні з-за мяжы
11 лістапада 2022
133

Жыхар Чачэрска і жыхар Магілёва былі схоплены ў сваіх кватэрах пасля таго, які яны вярнуліся ў Беларусь з Польшчы.

Паведамленні аб захопе перадаў адзін з тэлеграм-каналаў сілавікоў. Паводле яго, жыхар Чачэрска Гомельскай вобласці, якога амаль у голым выглядзе прывезлі з кватэры, нібыта публічна абражаў чалавека, які лічыць сябе прэзідэнтам Беларусі, супрацоўнікаў міліцыі, “распальваў варожасць, уваходзіў у склад і садзейнічаў экстрэмісцкай дзейнасці разнастайных тэрарыстычных фармаванняў”.

Згодна паведамлення, захоплены працуе ў Польшчы электрыкам і прыехаў пагасціць у родны Чачэрск. 

Цяпер у адносінах да яго ўзбуджана крымінальная справа па некалькіх артыкулах Крымінальнага кодэкса, таксама ён арыштаваны па ч.2 арт.19.11 КаАП (Распаўсюджванне, выраб, захоўванне, перавозка інфармацыйнай прадукцыі, якая змяшчае заклікі да экстрэмісцкай дзейнасці або якая прапагандуе такую дзейнасць).

Захоплены жыхар Магілёва акрэсліваецца лукашэнкаўскімі сілавікамі як “кіраўнік Магілёўскай суполкі экстрэмісцкага руху”.

Ён таксама з’ехаў за мяжу, але “пасмеў вярнуцца”, перадае тэлеграм-канал. Паводле запісанага “пакаяннага відэа”, ураджэнец Дашкаўкі Магілёўскага раёна вярнуўся з Польшчы, дзе працаваў, у кастрычніку 2022 года, а ўжо 10 лістапада быў затрыманы.

Нагадаем, што напрыканцы верасня 2022 года лукашэнкаўскія ўлады затрымалі экс-футбаліста зборнай Беларусі і трэнера Васіля Хамутоўскага – падпісанта ліста за сумленныя выбары пасля таго як ён вярнуўся з замежжа на Радзіму.

Фота: тэлеграм-канал лукашэнкаўскіх сілавікоў