Дваццаць новых палітвязняў з’явіліся ў Беларусі
3 лістапада 2022
130

Беларускія праваабаронцы прызналі палітзняволенымі яшчэ дваццаць чалавек. Агульная колькасць арыштаваных і асуджаных з-за палітычных прычын на даны момант складае 1375 чалавек.

Палітзняволенымі ад 3 лістапада 2022 года прызнаны Дзяніс Варозаў, Вячаслаў Панцюшэнка, Вольга Церах, Уладзімір Лавор, Кацярына Зарэцкая, Антон Якавук, Вольга Шэўчык, Павел Клапаток, Аляксандр Ваўчок, Валянцін Шумік, Максім Куроўскі, Аляксандр Смолка, Павел Целешаў, Аляксандр Жалязоўскі, Кацярына Батура, Эдуард Ісаеў, Аляксандр Бакуновіч, Аляксандр Гладкіх, Вера Мусіенка і Аляксандр Анташкевіч, паведамляе Праваабарончы цэнтр “Вясна”.

Варозаў, Панцюшэнка, Церах, Лавор, Зарэцкая ўзяты пад варту за вывешванне ўкраінскіх і беларускіх нацыянальных сцягоў. Якавук арыштаваны нібыта за абразу Аляксандра Лукашэнкі. Шэўчык узята пад варту за выказванні і ўдзел у мірных пратэстах.

Клапаток асуджаны да пазбаўлення волі на тры гады за нібыта абразу Лукашэнкі, паклеп на яго, а таксама размяшчэнне лічбавай выявы з спалучэннем чырвонага фону і свастыкі зялёнага колеру з арнаментам.

Ваўчок асуджаны да двух гадоў і шасці месяцаў пазбаўлення волі па абвінавачванні ў  паклёпе на Лукашэнку і нібыта абразе яго.

Шуміку прысудзілі два гады абмежавання волі (“хіміі”) нібыта за здзек з дзяржаўных сімвалаў. Куроўскі асуджаны па абвінавачванні ў абразе Лукашэнкі да двух гадоў пазбаўлення волі. Смолка асуджаны нібыта за абразу Лукашэнкі і пратэсныя надпісы да аднаго года і шасці месяцаў абмежавання волі (“хіміі”). Целешаў пакараны нібыта за здзек з дзяржаўных сімвалаў (сарваў і пашкодзіў дзяржаўны сцяг) двума гадамі абмежавання волі (“хіміі”).

Жалязоўскі асуджаны па абвінавачванні ў абраз службовай асобы да трох гадоў абмежавання волі (“хіміі”). Батура – нібыта за абразу Лукашэнкі да аднаго года і шасці месяцаў абмежавання волі (“хіміі”).

Ісаева пасадзілі нібыта за паклеп на Лукашэнку і абразу яго на тры гады і шэсць месяцаў пазбаўлення волі. Бакуновіч асуджаны быццам бы за здзек з дзяржаўных сімвалаў (сарваў дзяржаўны сцяг) да двух гадоў абмежавання волі (“хіміі”). Гладкіх асуджаны па абвінавачванні ў абразе службовай асобы да аднаго года і шасці месяцаў абмежавання волі (“хіміі”).

Мусіенка пакарана нібыта за абразу службовай асобы да аднаго года пазбаўлення волі. Анташкевіч асуджаны па абвінавачванні ў абразе службовай асобы да двух гадоў абмежавання волі (“хіміі”).

Мы лічым пераслед і пазбаўленне волі названых асоб палітычна матываваным, звязаным з мірнай рэалізацыяй выказвання меркавання, а іх саміх палітычнымі зняволенымі”, – гаворыцца ў заяве праваабаронцаў. Яны патрабуюць неадкладна вызваліць усіх палітычных зняволеных і спыніць палітычныя рэпрэсіі супраць грамадзян краіны.

Нагадаем, што на 1 лістапада 2022 года агульная лічба тых, хто адбывае пакаранне ці падазраваецца ў злачынствах з-за палітычных прычын, была 1357 чалавек.