Дыяспара адзначае ўручэнне Ноблеўскай прэміі Алесю Бяляцкаму
11 снежня 2022
207

У Міжнародны дзень правоў чалавека 10 снежня і ў гонар уручэння Ноблеўскай прэміі міру беларускаму палітзняволенаму праваабаронцу Алесю Бяляцкаму дыяспара і праваабаронцы ў розных краінах правялі масавыя акцыі.

Так, 10 снежня 2022 года на цэнтральнай плошчы Кракава праводзілася сумесная беларуска-ўкраінская акцыя. “Беларусы ганарацца і падтрымліваюць свайго выбітнага суайчынніка, Нобэлеўскага лаўрэата, праваабаронцу Алеся Бяляцкага. Мы патрабуем вызваленьня ўсіх палітвязьняў і спыненьня рэпрэсій на Радзіме!” – напісаў тэлеграм-канал “Беларусы зарубежья“.

Падобная акцыя адбылася ў Брусэлі. Там падтрымаць праваабаронцу Алеся Бяляцкага, лаўрэата Нобелеўскай прэміі міра, які знаходзіцца ў няволі, а таксама ўсіх палітвязняў у Беларусі ў Дзень правоў чалавека, выйшлі беларусы Бельгіі. “Мы памятаем пра кожнага, мы ганарымся кожным і жадаем усім хутчэйшага вызвалення“, – перадае той жа тэлеграм-канал.

У сваю чаргу беларусы Варшавы зладзілі сустрэчу з нагоды ўзнагароджання Алеся Бяляцкага Нобелеўскай прэміяй міра. Так, 10 снежня 2022 года ў Варшаве на пляцоўцы Моладзевага хаба адбылася адмысловая сустрэча. «Пачатак руху, які з’явіўся ў 2020 у Беларусі, мусіць працягвацца. Гэта не ёсць пытанне наяўнасці аптымізму. Я памятаю 70-я гады ў Польшчы. Сітуацыя была вельмі пасіўная, быў вялікі грамадскі песімізм. Але негледзячы на яго, у Польшчы адбыліся перамены», – перадае тэлеграм-канал Праваабарончага цэнтра “Вясна”.

У Германіі праваабарончая арганізацыя Libereco перадала 100 тыс. подпісаў за вызваленне палітзняволеных у пасольства Беларусі. Перад гэтым нямецкія праваабаронцы зладзілі 9 снежня 2022 года акцыю пратэста перад пасольствам. “Свабоду Алесю!” – з такім лозунгам яны патрабавалі вызваліць стваральніка Праваабарончага цэнтру “Вясна” і лаўрэата Нобелеўскай прэміі.

Таксама 127 депутатаў з 21 краіны патрабавалі вызваліць Алеся Бяляцкаго, перадае “Нямецкая хваля“.

10 снежня 2022 года ў Осла жонка Алеся Бяляцкага Наталля Пінчук атрымала за яго Нобелеўскую прэмію міру. Яна выступіла з прамовай па-беларуску. “Зараз у Беларусі тысячы людзей знаходзяцца за кратамі па палітычных матывах, і яны ўсе мае браты і сёстры. Нішто ня можа спыніць прагу людзей да волі. Тут зараз у турме ўся Беларусь. Сядзяць журналісты, палітолягі, прафсаюзныя лідары, сярод іх багата маіх знаёмых і сяброў… Суды працуюць як канвэер, асуджаных развозяць па калёніях, а новыя хвалі палітзняволеных займаюць іх месца…

Гэтая прэмія належыць усім маім сябрам-праваабаронцам, усім грамадзкім актывістам, дзясяткам тысяч беларусаў, якія прайшлі праз збіцьцё, катаванні, арышты, турму. Гэтая прэмія — узнагарода мільёнам беларускіх грамадзян, якія выступілі ў абарону сваіх грамадзянскіх правоў. Яна падкрэслівае тую драматычную сытуацыю, якая склалася з правамі чалавека ў краіне“, – перадала словы Бяляцкага яго жонка.

Нагадаем, што  7 кастрычніка 2022 года Нарвежскі Нобелеўскі камітэт паведаміў, што старшыня Праваабарончага цэнтру “Вясна” Алесь Бяляцкі стаў лаўрэатам Нобелеўскай прэміі міру. Разам з ім прэмію атрымалі ўкраінскі “Цэнтр грамадзянскіх свабод” і расійская праваабарончая арганізацыя “Мемарыял”.

Алеся Беляцкого, а таксама яго паплечнікаў Валянціна Стэфановіча і Ўладзіміра Лабковіча, арыштавалі 14 ліпеня 2021 года. Цяпер ён знаходзіцца ў СІЗА ў Мінску.

Фота і відэа: “Беларусы зарубежья”, “Нямецкая хваля”, Праваабарончы цэнтр “Вясна”