Дыяспара адзначыла Дзень беларускай вайсковай славы
9 верасня 2022
217

Акцыі ў гонар чарговай гадавіны Бітвы пад Оршай – Дня беларускай вайсковай славы прайшлі ў некаторых гарадах свету. Удзельнікі таксама жадалі перамогі Ўкраіне над расійскім агрэсарам. Таксама з нагоды свята да беларусаў звярнуўся Аб’яднаны пераходны кабінет.

У цэнтры Варшавы беларусы разам з украінцамі прайшліся маршам у гонар Дня Вайсковай Славы. “Жыве Беларусь! Слава Украіне! Шануем нашу гісторыю!”, – перадае тэлеграм-канал “Мая краіна Беларусь”.

Са святам павіншавалі беларусаў і прадстаўнікі дыяспары ў Бельгіі. “З Днём Беларускай Вайсковай Славы!”, – перадае віншаванне тэлеграм-канал “Беларусы зарубежья”. Удзельнікі акцыі пажадалі перамогі Ўкраіне і выдалення акупантаў з тэрыторыі Беларусі.

Таксама ў Варшаве, у Музэі вольнай Беларусі, у гонар свята адкрылася выстава мастака-графіка Змітра Шапавалава «Нарысы з мінулага», прысьвечанай перамозе беларусаў у Аршанскай бітве 1514 году. На адкрыцьці выставы выступіў гурт «Літы талер», перадае “Радыё Свабода“.

З нагоды Дня беларускай вайсковай славы да беларускага народа звярнущся Аб’яднаны пераходны кабінет. У звароце адзначаецца, што чарговая, 508-ая, гадавіна славутай бітвы пад Воршай, калі войска гетмана Канстанціна Астрожскага перамагло амаль удвая большую армію Маскоўскага княства. “Гэта адзін з найславуцейшых трыўмфаў беларускай зброі – разам з Грунвальдам, Сінімі Водамі і Клецкам.
Чаму сёння так важна ўзгадваць мінулае, калі мы кажам пра сучаснасць і будучыню? Бо як і пяць стагоддзяў таму, сёння беларускія ваяры пад бел-чырвона-белым сцягам ды Пагоняй змагаюцца з захопнікамі з Усходу“, – гаворыцца ў тэлеграм-канале кабінета.

Сябры кабінета падкрэсліваюць, агульная цяперашней задачай ёсць дапамога кожнаму, хто змагаецца за вольную Беларусь – беларусам з палка імя Кастуся Каліноўскага, палка «Пагоня» і іншым добраахвотнікам у складзе Ўзброеных сіл Украіны. “Пры гэтым не менш важна памятаць пра супраціў у самой Беларусі – уступаць у план «Перамога», распавядаць пра яго іншым, знаходзіць больш аднадумцаў і падтрымліваць адзін аднаго“, – адзначаецца ў звароце.

Фота і відэа: тэлеграм-каналы “Мая краіна Беларусь” і “Беларусы зарубежья”.