Дыяспара ў Беластоку патрабавала вызвалення беларускіх палітвязняў
30 снежня 2022
126

Каля 40 чалавек у цэнтры польскага Беластока прынялі ўдзел 30 снежня 2022 года ў мітынгу салідарнасці з беларускімі палітзняволенымі і запатрабавалі іх вызвалення.

Фармальнай нагодай правядзення акцыі стала 46 гадавіна нараджэння апазіцыйнага палітыка, палітвязня Паўла Севярынца. Гэты мужны чалавек ужо трэці раз запар сустракае свой дзень народзінаў за кратамі. Мітынгоўцы патрабавалі вызвалення яго і ўсіх беларускіх палітычных зняволеных.

Арганізатары акцыі праз гукаўзмацняльнікі далі праслухаць гуказапіс са словамі ўдзячнасці да ўдзельнікаў мітынгу ад маці Паўла Севярынца Таццяны. Жанчына паведаміла, што яе сын не зламаны і лічыць правільным сваё змаганне.

Выступоўцы таксама распавядалі, што цягам году ў Беластоку было арганізавана і праведзена шмат разнастайных акцый, каб прыцягнуць увагу мясцовых жыхароў да сітуацыі ў Беларусі і паказаць, што беларусы супраць злачыннай вайны супраць Украіны, у якую рэжым Лукашэнка ўцягнуў Беларусь.

Была выказана надзея, што надыходзячы 2023 год будзе лепшы ад сыходзячага 2022 году.