Дыяспара ў Беластоку просіць польскіх чыноўнікаў зладзіць заняткі па беларускай мове
12 студзеня 2023
178

“Бацькоўскі сход” прайшоў 11 студзеня 2023 года ў Беластоку, дзе ўдзельнікі абмеркавалі магчымасці навучання дзецей дыяспары беларускай мове.

Сходу папарэднічаў збор заяў бацькоў, якія звярталіся да беластоцкіх улад з просьбай знайсці магчымасць вывучэння беларускай мовы ў школах дзяцьмі эмігрантаў з Беларусі. У даны момант, згодна законаў Польшчы, такі абавязак у дзяржавы ёсць толькі ў дачыненні яе грамадзян, якія атаясамляюць сябе нацыянальнай меншасцю.

Абмеркаваць адказ, які прыйшоў ад улад, захацела не надта многа падпісантаў. Усяго былі перададзеныя заявы ад 44 чалавек, а ў абмеркаванні прынялі ўдзел каля 20-ці, якія прыйшлі ў беларускі хаб “Новая зямля”. Прычым не ўсе з удзельнікаў абмеркавання былі падпісантамі. На малалікасць прысутных звярнула ўвагу і ініцыятар звароту да ўлад Ганна Дар.

Паводле яе, на 18 студзеня 2023 года намечана абмеркаванне гэтага пытання з прадстаўнікамі адукацыйных структур Беластока, беларускай меншасці і беларускай дыяспары. “Выглядае на тое, што можна будзе зладзіць заняткі мовы як факультатыўныя (але гэта яшчэ не дакладна, пачакаем, вынікаў спаткання)”, – пазначылі пасля сустрэчы ў хабе на старонцы “Беларускай дыяспары Беластоку” ў Facebook.

Журналіст і культурны дзяяч Зміцер Косцін распавёў пра верагодную магчымасць адкрыцця суботняй школы, дзе будуць вывучацца па-беларуску гісторыя і літаратура, а не толькі мова. Можа быць, такая школа з’явіцца ў Беластоку ў лютым-сакавіку 2023 года.

Варта адзначыць, што беларускую мову як прадмет выкладаюць у школе №4 Беластока, існуе 14-ы дзіцячы садок, дзе ёсць беларускамоўныя групы. Таксама беларускую мову можна вучыць ў непублічнай (платнай) школе імя Кірыла і Мефодыя. 

На сходзе прагучалі словы аб патрэбе ў стварэнні сістэмы беларускай дадатковай адукацыі за мяжой, і спрыяць гэтаму павінны тыя структуры, якія абвесцілі сябе нашай уладай, кшталту, Аб’яднанага пераходнага кабінета і іншых. Менавіта гэта будзе ствараць беларускую свядомасць у дзяцей, што немагчыма вывучэннем адной толькі мовы. Дарэчы, перад сходам хадзіла інфармацыя, што, магчыма, на яго прыедзе прадстаўніца кабінета па нацыянальным адраджэнні Аліна Коўшык, але яе не было.

Як прыклад такога незалежнага дадатковага навучання не толькі мове, але і іншым прадметам, праз якія фармуецца беларуская ідэнтычнасць, была названая Беларуская школа ў Варшаве, дзе дзеці могуць вучыцца анлайн, і дзе ўсе дысцыпліны выкладаюцца па-беларуску.

На сходзе таксама былі прадстаўлены розныя ініцыятывы – разнастайныя YouTube- і Telegram-каналы з беларускамоўным зместам. Спадрыня Юлія Гаруновіч распавяда пра сваю хатнюю бібліятэку дзіцячых кніжак, якой могуць карыстацца ўсе жадаючыя.

Нагадаем, што 27 лістапада 2022 года ў Варшаве прайшла канферэнцыя «Развіццё альтэрнатыўнай сістэмы адукацыі ў сучасных умовах», арганізаваная створаным у Польшчы “Рухам беларускай салідарнасці”. На ёй дыяспара прыглядалася да магчымасці стварыць сваю сферу навучання.