Дыяспара ў Берліне выйшла на акцыю салідарнасці з Алесем Бяляцкім
16 снежня 2022
153

Нямецкія беларусы прынялі ўдзел у акцыі міжнароднай салідарнасці з палітзняволеным праваабаронцам Алесем Бяляцкім, праведзенай арганізацыяй “Libereco – Партнёрства за правы чалавека e.v.”

Нягледзячы на мінусавую тэмпературу, тры маладыя беларускія мастачкі паказалі ўражваючы перформанс з жыцця палітычных зняволеных у беларускай турме. Дзяўчынкі, не шкадуючы свайго здароўя, распрануўшыся да калготак у мінусавую тэпрэратуру, абмазвалі свае цэлы фарбай, абрэзалі свае валасы”, – распавядае тэлеграм-канал “Беларусы зарубежья”.

Таксама ўдзел у акцыі салідарнасці прынялі мясцовыя нямецкія жыхары.

Нагадаем, што раней Libereco перадала 100 тыс. подпісаў за вызваленне палітзняволеных у пасольства Беларусі. Перад гэтым нямецкія праваабаронцы зладзілі 9 снежня 2022 года акцыю пратэста перад пасольствам. “Свабоду Алесю!” – з такім лозунгам яны патрабавалі вызваліць стваральніка Праваабарончага цэнтру “Вясна” і лаўрэата Нобелеўскай прэміі.

Алесь Бяляцкі, які за сваю праваабарончую дзейнасць атрымаў сёлета Нобелеўскую прэмію міру, ужо больш за 500 дзён знаходзіцца за кратамі па сфальшаваным абвінавачванні. Зараз ён знаходзіцца ў СІЗА ў Мінску па сфальшаваным абвінавачванні ў кантрабандзе і фінансаванні групавых дзеянняў, якія груба парушаюць грамадскі парадак.

Як раней паведамлялася, Нобелеўская прэмія міру 7 кастрычніка 2022 года была прысуджана Алесю Бяляцкаму, расійскай праваабарончай арганізацыі “Мемарыял”, якую ліквідавалі пуцінскія ўлады, і праваабарончай арганізацыі з Украіны “Цэнтр грамадзянскіх свабод”.

Фота: тэлеграм-канал “Беларусы зарубежья”