Дыяспара ў Кіеве правяла марш памяці Міхася Жызнеўскага
27 студзеня 2023
137

Беларусы ва ўкраінскай сталіцы разам з прадстаўнікамі Палка Каліноўскага 26 студзеня 2023 года ўшанавалі памяць Героя Ўкраіны Міхася Жызнеўскага і іншых загінуўшых за свабоду суайчыннікаў.

У Кіеве адбыўся марш памяці, прысвечаны ўсім беларусам, якія загінулі ў барацьбе за Украіну і вольную Беларусь з 2014 па 2022 год. Прадстаўнікі Палка Каліноўскага таксама прынялі ўдзел у шанаванні памяці Міхася Жызнеўскага і ўсіх, хто аддаў сваё жыццё ратуючы лёс і гонар Беларусі”, – распавядаецца ў тэлеграм-канале Палка.

З 2014 года за Ўкраіну загінулі сама меней 35 беларусаў і гэта толькі тыя, чые імёны вядомыя, піша тэлеграм-канал “Вільна Білорусь”. “Насамрэч, беларусаў, якія загінулі за свабоду і незалежнасць Украіны можа быць больш, і наш абавязак іх памятаць, бо яны загінулі не дарма!” – гаворыцца ў паведамленні.

22 студзеня 2023 года дыяспара ва ўкраінскім Львове ўшанавала памяць забітага ў 2014 годзе на Майдане Міхася Жызнеўскага. Таксама быў надрукаваны плакат у яго гонар.

Даведка: Міхась Жызнеўскі (1988, Гомель — 2014, Кіеў) — кавалер ордэна Героя Нябеснай сотні, пазаштатны карэспандэнт украінскай газеты «Саборная Кіеўшчына», грамадзянін Беларусі. Раніцай 22 студзеня 2014 года ў бяззбройным стане быў забіты стрэлам паляўнічай кулі ў сэрца на вуліцы Грушэўскага ў Кіеве падчас Еўрамайдана. Герой Украіны.

Фота: тэлеграм-канале Палка Каліноўскага