
На свята Дзяды беларусы Вільні прыйшлі на могілкі Росы, дзе ўшанавалі памяць пахаваных там беларускіх дзеячоў. Днём раней там жа яны адзначылі Дзень усіх святых.
Мерапрыемства, прысвечанае Дзядам, прайшло 2 лістапада 2022 года і было арганізавана Віленскім беларускім музеем імя Івана Луцкевіча, паведамляе “Будзьма беларусамі”.
Акцыя больш паходзіла на экскурсію, якую праводзіла кіраўніца музея, актывістка беларускай грамады Людвіка Кардзіс.
Удзельнікі запалілі знічкі і павязалі белыя ды чырвоныя стужкі на магілах паэта Уладзіслава Сыракомлі, святара Уладзіслава Талочкі, святара Казіміра Сваяка, галоўнага архітэктара БНР Лявона Вітан-Дубейкаўскага, археолага Яўстаха Тышкевіча, мецэната Зыгмунта Нагродскага, сям’і Ямантаў, з якой паходзіла каханая Кастуся Каліноўскага Марыя Ямант, аднаго з арганізатараў паўстання 1863 года Аляксандра Аскеркі і іншых вядомых віленскіх беларусаў.
Цікава, што днём раней, 1 лістапада 2022 года, віленскія беларусы таксама наведаліся на могілкі Росы і “ўшанавалі памяць нашых гераічных продкаў”, піша тэлеграм-канал “Новая Беларусь в Литве”.
Фота: “Будзьма беларусамі” і тэлеграм-канал “Новая Беларусь в Литве”
Матэрыялы па тэме: