Дыяспара ўспамінае гадавіну расcтрэла камуністамі беларускай інтэлегенцыі
29 кастрычніка 2022
178

У розных краінах беларусы рыхтуюць памятныя мерапрыемствы з нагоды расcтрэлу супрацоўнікамі НКВД ў ноч з 29 на 30 кастрычніка 1937 года больш за 130 прадстаўнікоў беларускай інтэлегенцыі.

Так, сёння а 15:00 запланаваны перфоманс у гонар “Ночы растраляных паэтаў” на Старамесцкай плошчы ў чэшскай Празе. Мерапрыемства ладзіць беларускае студэнцтва ў Чэхіі, распавядае тэлеграм-канал Belarusy.cz.

30 кастрычніка 2022 года беларусы ўкраінскага Львова ладзяць акцыю “Ноч (не)расстраляных паэтаў” у памяць пра закатаваных падчас тэрору 1930-х беларускіх творцаў і ахвяр Чорнай ночы з 29 на 30 кастрычніка 1937 года. Яна намечана ў Тэатры лялек на 30 кастрычніка 2022 года а 19:00, паведамляе “Будзьма разам“.

У грузінскім Батумі а 20:00 у парку 6 Мая да адзначэння сумнай даты далучацца мясцовыя творцы: грузінскія паэты прачытаюць свае вершы, прысвечаныя жудаснай эпосе сталінізму. “Запрашаем таксама і ўкраінцаў“, – пішуць “Беларусы Батумі“.

У літоўскай Вільні а 17:00 ля Музея акупацыі і барацьбы за свабоду будуць чытаць і спяваць улюбёныя вершы, разважаць пра тыя цяжкія часы, узгадваць тых, хто аддаў, і аддае цяпер, сваё жыццё і свабоду за вольную Беларусь, паведамляе “Чат – беларусы Вільні“.

Таксама ў літоўскай сталіцы а 18:30 пачнецца тэатральная імпрэза “За што” ў Віленскім старым тэатры (Mindaugo g. 8), а 19:00 – чытанне вершаў са зборніка “Нерасстраляныя” (Omni Academia (Aukštaičių g. 6-30), а 21:00 – запальванне свечак ля помніка Мойшы Кульбаку (Мемарыяльная дашка (Karmelitų g. 5), апавяшчае тэлеграм-канал “Новая Беларусь в Литве“.

У Варшаве, у Музее Вольнай Беларусі 30 кастрычніка 2022 года, а 18:00, у межах міжнароднай акцыі памяці “Ноч паэтаў” адбудзецца канцэрт-прэзентацыя новага выдання кнігі “(Не)расстраляныя”, у якой сабраны гісторыі жыцця, выбраныя творы і архіўныя здымкі беларускіх пісьменнікаў, што былі рэпрэсаваныя сталінскім рэжымам, паведамляе тэлеграм-канал “Event-беларусы Европы“.

29 кастрычніка 2022 года а 18:00 Аб’яднанне беларусаў у Латвіі Supolka і Музей акупацыі запрашае на плошчу Латышскiх стралкоў да Мемарыялу ахвяраў савецкай акупацыі.

У Беластоку 29 кастрычніка ў 19:30 у Тэатры Лялек — вуліца Каліноўскага намечана прэзентацыя кнігі «(Не)расстраляныя», паведамляе ў Facebook фонд “Тутака”.

Таксама разнастайныя мерапрыемствы запланаваны ў польскіх Кракаве, Уроцлаве, Гданьску, літоўскім Каўнасе, нямецкіх Манхайме, Бохуме, Брэмене, венгерскай Ньірэдзьхазе, амерыканскім Бостане, канадскіх Атаве і Таронта, сталіцы Грузіі Тбілісі, бразільскім Сальвадоры, брытанскім Лондане, паведамляе “Наша ніва“.

Адзначым, што каля чатырох месяцаў таму на YouTube-канале Андрэя Хадановіча выйшаў аповед пра “Ноч расстраляных паэтаў”, якіх забілі ўлады ў 1937 годзе.

Фота: тэлеграм-канал “Беларусы Батумі“.