Дыяспара выходзіць на мерапрыемствы з нагоды Дня спартовай салідарнасці
2 кастрычніка 2022
150

Другі дзень запар у розных краінах свету дыяспара праводзіць акцыі, прымеркаваныя першаму Дню спартовай салідарнасці.

Нагадаем, што 30 жніўня 2022 года ўдзельнікі сходу Свабодных спартсменаў Беларусі прынялі рашэнне абвесціць 30 верасня Дзень спартовай салідарнасці. Дату 30 верасня выбралі таму, што ў гэты дзень у 2022 годзе была затрымана баскетбалістка Алена Леўчанка, якая выйшла разам з народам супраць гвалту і хлусні лукашэнкаўскай улады.

1 кастрыніка 2022 года беларусы Таліна сустрэліся на плошчы Свабоды і праехалі на роварах да беларускай амбасады, каб сказаць “з лёгкім ветрам!” беларускім паслам, якія з’ехалі з Эстоніі, перадае тэлеграм-канал Athletes for Freedom.

У той жа дзень у Вільні адбыўся забег салідарнасці. “Яго мэта — выказаць салідарнасць з беларускімі палітзняволенымі”, – распавядает тэлеграм-канал Праваабарончага цэнтра “Вясна”. Таксама ў сталіцы Літвы згулялі ў футбольны матч салідарнасці з палітвязнямі.

Як раней паведамлялася, у Кракаве 1 кастрычніка 2022 года нашы суайчыннікі выйшлі на акцыю салідарнасці з затрыманым лукашэнкаўскімі ўладамі 30 верасня 2022 года свабодным спартоўцам Васілём Хамутоўскім.

30 верасня 2022 года беларусы Гдыні правялі роварны заезд салідарнасці даўжынёй 23,34 км. Яны праехалі на роварах разам па стужке ўздоўж мора да Гданьску, перадае Athletes for Freedom.

Сёння, 2 кастрычніка 2022 года, у іншых краінах і гарадах свету таксама намечаны акцыі з нагоды Дня спартовай салідарнасці.

Фота: тэлеграм-каналы Праваабарончага цэнтра “Вясна” і Athletes for Freedom