Дзень Волі ў Беластоку прайшоў у разнастайных фарматах
27 сакавіка 2023
272

Амаль тыдзень працягваюцца разнастайныя мерапрыемствы ў Беластоку, прысвечаныя 105-ай гадавіне абвяшчэння незалежнасці Беларускай Народнай Рэспублікі. Але кульмінацыяй святкаванняў, натуральна, стала 25 сакавіка 2023 года, калі ў сталіцы польскага Падляшша, прайшлі ажно тры акцыі з нагоды Дня Волі: ускладанне кветак да месца, дзе быў закатаваны аўтар слоў гімна БНР Макар Краўцоў, мітынг на цэнтральнай плошчы горада і ўрачысты канцэрт. 

Дзень абвяшчэння незалежнасці Беларускай Народнай Рэспублікі напрацягу ўжо некалькіх дзясяцігоддзяў не застаецца па-за ўвагай беларусаў, якія пражываюць ў Беластоку. Мясцовыя ўлады са свайго боку даволі прыхільна ставяцца, асабліва ў апошнія гады, да найважнейшага свецкага беларускага свята. Так, летась, калі ў Беласток прыязджалі Святлана Ціханоўская і Павел Латушка, польскія палітыкі таксама выступалі на мітынгу з нагоды Дня Волі. 

Сёлета арганізацыяй святочных мерапрыемстваў займаліся Беларускі саюз у Рэчы Паспалітай, прадстаўнікі беларускай дыяспары і Беларускае гістарычнае таварыства. Найперш яны ўшанавалі памяць Макара Краўцова, аўтара слоў гімна БНР “Мы выйдзем шчыльнымі радамі”, які быў закатаваны бальшавікамі ў беластоцкай турме ў 1939 годзе. Бел-чырвона-белыя кветкі і вянок да будынку турмы ўсклалі прадстаўніца дыяспары Наталля Сцепанцова і старшыня Беларускага гістарычнага таварыства Алег Латышонак

Асноўным і гучным мерапрыемствам на Дзень Волі ў Беластоку стаў мітынг на цэнтральнай плошчы горада – Рынку Касцюшкі каля помніка Юзэфу Пілсудскаму. На яго сабраліся некалькі сотняў чалавек, трымаўшыя патрыятычныя плакаты, бел-чырвона-белыя сцягі, практычна ў кожнага на грудзі была прышпілена бел-чырвона-белая стужка. У адрозненні ад леташняга мітынгу, сёлета на акцыі не выступалі польскія палітыкі і прадстаўнікі мясцовай улады, але сярод беларускіх сцягоў луналі польскія і ўкраінскія. Таксама з прывітальным словам выступіў і прадстаўнік украінскай грамады ў Беластоку.

Пасля мітынгу многія яго ўдзельнікі прыйшлі ў будынак Усходнееўрапейскай акадэміі прыкладных навук, дзе адбыўся канцэрт з нагоды Дня Волі. Перад яго пачаткам прысутныя праслухалі пасланне старшыні Рады БНР Івонкі Сурвілы. Таксама былі ўзнагароджаныя асобы і арганізацыі за выдатную нацыянальную працу ў 2022 годзе. Сярод адзначаных – фонд “Тутака”, журналістка і пісьменніца Ганна Кандрацюк-Свярубская, ліцэй у Гайнаўцы, актывістка дыяспары Кацярына Дзерман.

Музычную частку мерапрыемства адкрыў бард і оперны спявак Алег Кабзар, які ўжо амаль 25 гадоў як пераехаў з Беларусі на Падляшша. У другой палове канцэрта гледачы змаглі паслухаць сямейны гурт “Бартосікі” на чале са знакамітым выканаўцам Зміцерам Бартосікам. Што ж тычыцца канцэрта ў Беластоку, то тут свае вакальныя здольнасці збольшага праяўлялі дзеці Зміцера Бартосіка – Юстына Карпіловіч і Геральд Бартосік.

25 сакавіка 2023 года грамадскія мерапрыемствы ў гонар 105-й гадавіны абвяшчэння незалежнасці БНР супольным спяваннем гімну “Магутны Божа”. Наперадзе – заняткі “Мова на нова” з назваю “Дзень Волі – Дзень мовы” і выступленне фрык-тэатра Ex Tempore.