Дзевяць праектаў для беларускай культуры распрацавалі на хакатоне ў Вільні
14 верасня 2022
150

Дадаткі-навігатары па спадчыне і гісторыі, аплікацыя для вывучэння беларускай мовы дзецьмі, агрэгатар віртуальных выстаў і іншыя ўвайшлі ў шорт-ліст пераможцаў хакатона “Культурны код”, які адбыўся ў Imaguru Startup HUB Vilnius.

У хакатоне ўзялі актыўны ўдзел больш за 90 чалавек, яны працавалі над 24 ідэямі ў суправаджэнні 22 ментараў са сфераў бізнесу, ІТ і культуры, паведамляецца ў прэс-рэлізе мерапрыемства, якое арганізавалі Беларуская рада культуры ў партнёрстве з Imaguru Startup HUB Vilnus. 

Адна з нашых асноўных мэтаў — арганізаваць прастору для ўзаемадзеяння прадстаўнікоў дзвюх прафесійных сфераў: дзеячаў культуры і спецыялістаў з IT. Беларускім творцам, культменеджарам і актывістам часта бракуе доступу да найноўшых тэхналагічных магчымасцяў і досведу карыстання імі. Асабліва ў сённяшнім кантэксце, калі прафесійныя сувязі выпрабоўваюцца як палітычным знішчэннем цэлых культурніцкіх сектараў, так і геаграфічнай аддаленасцю беларусаў адзін ад аднаго. Спадзяемся, што гэты хакатон стане не толькі добрым стымулам для камандаў, што ўжо працуюць разам, але і дасць штуршок для адбудовы сталай інфраструктуры міжсектаральнага нэтворкінга для беларускай культуры”, – адзначае кіраўнік Беларускай ралы культуры Сяргей Будкін

З 9 па 11 верасня 2022 года кожная каманда мела магчымасць прадставіць задумку, у шчыльным супрацоўніцтве з мадэратарамі і ментарамі прааналізаваць першасную бізнес-мадэль распрацоўкі і яе пазіцыянаванне. Моцная калектыўная энергія спаборніцтва і партнёрства можа даць стымул для старту новых праектаў, а таксама рэанімацыі ці пераасэнсавання старых задумак. 

У фінале спаборніцтва былі прадстаўленыя 16 праектаў. У шорт-ліст, абраны журы, увайшлі 9 з іх.

VARTA – агрэгатар віртуальных выстаў з phygital інструментаром для рэпрэзентацыі культуры, мастацтва гісторыі: metaverse, 3D-выставы і панарамы 360. Таксама карыстальнікі платформы змогуць сачыць за культурніцкімі падзеямі беларускіх творцаў у розных краінах.

PAPARAC — VR-прастора, дзе можна літаральна пераўвасобіцца ў героя беларускіх рытуалаў і пазнаёміцца з міфалагічнымі істотамі. Мэта праекта — з дапамогай сучасных імерсіўных тэхналогій паказаць глыбіню і багацце аўтэнтычнай беларускай гісторыі. 

Belarusian Bookcrossing, размеркаваная бібліятэка — сайт для абмену беларускімі кнігамі ва ўмовах эміграцыі і закрыцця выдавецтваў. Рэсурс будзе змяшчаць мапу, дзе пазначана, якія кнігі ёсць у розных гарадах і краінах, як іх можна бяспечна перадаць ці прадаць. 

«Зубрык» — дадатак-гульня, што дапамагае школьнікам вывучаць беларускую мову і… з карысцю бавіць час за планшэтам. Забаўляючыся разам з героем гульні Зубрыкам, дзеці змогуць напрацаваць базавы слоўнік для паўсядзённага жыцця. 

«Музычны Бро» — Тэлеграм-бот, які, дзякуючы інтэграцыі з папулярнымі стрымінг-сервісамі і ўласнай базе, зможа падбіраць беларускую музыку пад густ і настрой карыстальніка. Такія бро-падказкі — добры спосаб папулярызаваць творчасць айчынных выканаўцаў. 

Legend Map — мабільны дадатак-гід для ўдумлівых аўдыёэкскурсій і квэстаў па горадзе. Раскажа больш пра гісторыю, міфалогію і літаратуру, дазволіць атрымаць новы досвед пешаходных вандровак па горадзе. 

BYroad — аплікацыя-навігатар па гісторыка-культурніцкай спадчыне Беларусі, якая зможа прапанаваць шэраг падкаст-маршрутаў, расказаць цікавосткі пра помнікі, побач з якімі вы вандруеце. Дапаможа зэканоміць час пры падрыхтоўцы ўласных падарожжаў па Беларусі.

«Культурны слой» — AR-сусвет, які дазволіць творчасці, свабодзе і плюралізму меркаванняў зноў выліцца на вуліцы Беларусі. Па адмысловых метках мастакі могуць дадаваць новыя арт-аб’екты, створаныя ў розных жанрах, тэхніках, творчых падыходах і мультымедыя-фарматах.

«НІШО – Жывая гаворка» — месца для адкрытай анлайн-публікацыі новых словаў/выразаў з сучаснай гутарковай мовы. Кожны носьбіт беларускай мовы зможа дадаць у тэзаўрус слова ці выраз, яго тлумачэнне, а іншыя ўдзельнікі — знайсці патрэбнае для сябе слова, ухваліць ці адхіліць прапанаваенае азначэнне або дадаць сваё. 

Далей каманды-пераможцы пройдуць адукацыйна-акселерацыйны трэк ад Беларускай Рады культуры і Imaguru Startup HUB, падчас якой змогуць дапрацаваць свае праекты, распрацаваць мадэлі для іх фінансавай устойлівасці і камунікацыйныя стратэгіі.

Для хакатону “Культурны код” быў створаны адмысловы сайт.