
Новы праект Асацыяцыі беларускага бізнесу за мяжой (АВВА) і Еўрапейскага саюза прадугледжвае 1 млн еўра на працу з патрэбамі сумленных айчынных прадпрымальнікаў, якія апынуліся за мяжамі Радзімы.
Пра запуск праекта падтрымкі беларускага бізнесу ў межах праграмы EU4Belarus было абвешчана раней у Варшаве. “Праграма будзе працягам працы па фарміраванні гарантыйнага фонду, каб беларускі бізнес атрымаў доступ да крэдытнага фінансавання ў еўрапейскіх фінансавых установах”, – адзначаецца ў тэлеграм-канале АВВА.
Прадугледжваецца правядзенне чатырох конкурсаў бізнесаў, чатырох бізнес-форумаў і ўдзелаў у EXPO. Таксама закладзена кансалтынгавая падтрымка, адукацыйныя візіты і вывучэнне патрэб бізнесу.
На думку прадстаўнікоў АВВА, гэта дасць беларускаму бізнесу магчымасць наладзіць кантакты з еўрапейскімі стейкхолдарамі, атрымаць практычныя веды і дадатковую падтрымку. Асобна адзначаецца, што для чальцоў ABBA Асацыяцыя стане калектыўным голасам пры супрацы з мясцовымі ўладамі, а таксама банкаўскімі ўстановамі Польшчы, Літвы, Латвіі і Эстоніі.
Праект рэалізуецца разам з Польскай гандлёвай Палатай (KIG), Літоўскай бізнес-канфедэрацыяй (LBC), Цэнтрам сацыяльных і эканамічных даследаванняў (CASE).
Як раней паведамлялася, у Варшаве 26 студзеня 2023 года АВВА аб’явіла набор новых сябраў арганізацыі. Таксама быў агучаны план бліжэйшых дзеянняў. У прыватнасці, плануецца дапамагаць беларускім безнесoўцам у вырашэнні праблем вядзення бізнесу ў Польшчы, Прыбалтыцы, іншых еўрапейскіх краінах, перш за ўсё ў такіх пытаннях як легалізацыя, доступ да крэдытных рэсурсаў, адкрыццё банкаўскіх рахункаў.
25 студзеня 2023 года на сустрэчы прадстаўнікоў кабінету Святланы Ціханоўскай з міністрам фінансаў Польшчы Магдаленай Жэчкоўскай была дасягнута дамоўленасць аб стварэнні агульнай працоўнай групы па падтрымцы беларускага бізнесу.
19 студзеня 2023 года Святлана Ціханоўская заклікала ўдзельнікаў Міжнароднага эканамічнага форума ў швейцарскім Давосе спыніць любое супрацоўніцтва з праўладным бізнесам і блізкімі да Аляксандра Лукашэнкі людзьмі, але ў той жа час падтрымаць беларусаў у эміграцыі.
Фота: Цэнтр новых ідэй
Матэрыялы па тэме: