Еўразійскія банкіры ўбачылі скарачэнне беларускага экспарту
8 лістапада 2022
182

Вартасны аб’ём беларускага экспарту ў верасні 2022 года скараціўся на 4,8% у гадавым выражэнні пасля памяншэння на 0,1% у жніўні. Гэта падлічылі ў Еўразійскім банку развіцця. Лукашэнкаўскія чыноўнікі радуюцца павелічэнню экспарту ў Расію і Кітай.

Пры гэтым абарот знешняга гандлю таварамі Беларусі ў верасні 2022 года на 6,9% ніжэй за мінулагодні верасень, спасылаюцца ў тэлеграм-канале банку на даныя Белстата. 

З улікам павелічэння коштаў паставак гэта можа адпавядаць яшчэ большаму скарачэнню фізічных аб’ёмаў экспарту. “Павелічэнне паставак тавараў у РФ, шэраг азіяцкіх і афрыканскіх краін пакуль не цалкам кампенсуе выкліканае разбурэннем вытворча-лагістычных ланцужкоў падзенне экспарту ў Еўрасаюз і не толькі. Істотную падтрымку беларускаму экспарту ў РФ аказвае курсавой фактар”, – адзначаецца ў паведамленні.

ЕАБР сцвярджае, што зніжэнне імпарту тавараў у Беларусь замарудзілася з 12,7% у гадавым выражэнні ў жніўні 2022 года да 8,9% у верасні, што па меркаванні еўразійскіх эканамістаў, можа паказваць на некаторае наладжванне схем паставак тавараў у краіну. У выніку прафіцыт знешняга гандлю таварамі паменшыўся ў верасні да 52 млн долараў.

Згодна паведамленняў лукашэнкаўскага афіцыёза, Беларусь нарасціла экспарт у РФ на 30%, у Кітай – у 2,5 разы, перадавала ў кастрычніку 2022 года праўладнае інфармацыйнае агенцтва Белта за спасылкай на словы намесніка міністра эканомікі Дзмітрыя Ярашэвіча на тэлеканале “Беларусь 1”.

Мы бачым яшчэ рэзервы для росту. Доля беларускага тавару на расійскім рынку цяпер складае каля 8%, пры гэтым год таму было 5,5%. Але нам яшчэ ёсць куды імкнуцца, таму што раней, у лепшыя гады, доля нашай прадукцыі на расійскім рынку складала 11%“, – сказаў Ярашэвіч.

Паводле яго, экспарт у РФ за восем месяцаў 2022 года наблізіўся да 14 млрд долараў, а тавараабарот паміж дзвюма краінамі склаў каля 27 млрд долараў

Нагадаем, што, па даных ЕАБР, валавы ўнутраны прадукт Беларусі абваліўся на 4,2% у першым паўгоддзі 2022 году. Гэта найгоршы вынік сярод усіх краін Еўразійскага саюзу.

Фота: bdg.by