Фільм “Мара” стаў пераможцам беларускага конкурсу фестываля “Паўночнае ззянне”
8 снежня 2022
188

Самым папулярным фільмам на сёлетнім Восьмым кінафестывале “Паўночнае ззянне” стаў “Мара” рэжысёра Сашы Кулак.

Гэта ўнікальны і прыгожы фільм, у якім дакументальны аповед спалучаецца з фантазіяй, каб даследаваць вельмі актуальную і важную тэму. Гэта не толькі агучванне несправядлівасці, але і прастора для ўяўлення”, – гаворыцца ў каментары журы на сайце фестываля.

Міжнароднае журы складалася з рэжысёра і сцэнарыста Сакарыса Сторы (Фарэрскія астравы), прадзюсара Наталлі Лібэт (Украіна), актрысы, пісьменніцы і рэжысёры Памелы Толы (Фінляндыя).

Яно таксама адзначыла яшчэ два беларускія кінатворы «Калі кветкі не маўчаць» Андрэя Куцілы і «Shirey Mara» Наты Карнеевай, распавядаецца ў Facebook кінафестываля.

Фестываль упершыню паказваў усю праграму online бясплатна. Для прагляду фільмаў трэба было толькі зарэгістравацца на сайце. У выніку 2 094 чалавекі зарэгістраваліся на платформе.

У беларускую праграму “Паўночнага ззяння” ўвайшлі 11 разнастайных фільмаў: ад тых, што збіраюць узнагароды і авацыі на міжнародных кінафестывалях, да андэграўнднага беларускага кіно, якое звычайна альбо вельмі падабаецца, альбо зусім не, распавялі “Дыяспары.info” арганізатары кінафестываля. Прыем заявак для удзелу ў беларускай праграме быў распачаты яшчэ ў жніўні 2022 года.

Фестываль кіно «Паўночнае ззянне» — штогадовы фестываль, які прапануе беларускім гледачам найноўшыя гульнявыя і дакументальныя фільмы Паўночнай Еўропы і краін Балтыі. Ён быў упершыню арганізаваны ў 2015 годзе і працягвае ладзіцца пры падтрымцы Офіса Савета міністраў Паўночнаеўрапейскіх краін у Літве. Сёлета ў восьмы раз ён праходзіў 20-30 лістапада.