Фонд Тutaka ў Польшчы плануе рэалізаваць у 2023 годзе сем беларускіх культурніцкіх праектаў
11 студзеня 2023
153

Фестываль беларускай традыцыі «Сонцаграй», фэст Абуджаных Тutaka, фэст «Бардаўская восень», дэкламатарскі конкурс – частка тых праектаў, якія намераны ў 2023 годзе рэалізаваць Фонд Тutaka з польскага Беластоку.

Маем шмат сур’ёзных планаў на 2023 год — і ўжо ёсць частковае фінансаванне. Можам назваць сем буйных праектаў. Сярод іх ужо вядомыя фестываль беларускай традыцыі «Сонцаграй», фэст Абуджаных Тutaka, фэст «Бардаўская восень». Зараз мы ўжо абвясцілі (дзякуючы Budzma.org гэтая інфармацыя разышлася) ІІ Дэкламатарскі конкурс да Дня роднай мовы, яго фінал пройдзе 21 лютага. Калі летась конкурс быў абмежаваны тымі, хто знаходзіцца ў Польшчы, то пасля процьмы заявак і з Беларусі, і з ЗША, і з Вялікабрытаніі, і з многіх іншых краін зразумелі, што конкурс можна зрабіць міжнародным”, – распавёў Budzma.org кіраўнік фонду Tutaka Павел Станкевіч.

Паводле яго, у 2022 годзе ім удалося стварыць разам са спецыялісткай па фальклорным спеве Ірынай Мазюк мужчынскі хор Zhraja, які займаецца беларускай народнай песняй, на працяг дзейнасці якога спадзяюцца ў Тutaka. 

Таксама ў фондзе маюць намер пашырыць курсы «Мова нанова» на больш шырокую аўдыторыю, рэалізаваць праект “Тutaka над Віслай” — невялічкі фэст у Варшаве.

Хочам стварыць умовы развіцця беларускім акцёрам, рэжысёрам, сцэнарыстам у рамках сучаснага еўрапейскага тэатру. Каб беларускі тэатр не сядзеў увесь час на спіне Астроўскага ды Чэхава, але каб бачыць, як яно ёсць у іншых краінах, які тэатр можа быць разнастайным”, – адзначыў Станкевіч.

Як мяркуе сябра праграмнай Рады фонду, журналіст Зміцер Косцін, зараз з’явілася разуменне таго, што ёсць патрэба моцнай беларускай культурніцкай плыні ў Беластоку. “Не таму, што беларусы Беласточчыны не прысутнічалі ў культурным жыцці тут, не, яны прысутнічалі, але вось на якую думку навёў шаноўны прафесар Алег Латышонак у прыватных размовах пасля падзей 2020 года: у гэтым злучэнні беларускай дыяспары з прыехалых і беларускай меншасці, што здаўна тут жыве, можа быць будучыня беларускай прысутнасці на Падляшшы”, – распавёў ён. 

Косцін адзначае, што трэба быць падрыхтаваным на змены ў Беларусі, рыхтаваць многія рэчы, бо будучыня пачынаецца сёння. “І мы нейкія свае цаглінкі ў фундамент будынку нармальнай, еўрапейскай, беларускай Беларусі ўносім”, – кажа журналіст.

Я бачу дзейнасць фонду Тutaka як дзейнасць на памежжы, то-бок штосьці, што можа злучаць — прынамсі мы марым пра гэта — беларускі свет, падзелены межамі, гісторыяй. Мы — адна вялікая супольная сям’я. І калі ў гэтай сям’і мы больш раскажам пра Беласточчыну, а беларусам Беласточчыны больш раскажам пра беларусаў Беларусі, Літвы, Вялікабрытаніі, то тым больш шанцаў, што гэта сям’я будзе мацнейшая, што сувязі ў сям’і не парвуцца і не згубяцца”, – упэўнены Зміцер Косцін.

Нагадаем, што фонд Tutaka прапануе ўсім жадаючым паўдзельнічаць у II Дэкламатарскім конкурсе, прымеркаваным да Дня роднай мовы, які адзначаецца ў лютым 2023 года. Конкурс пройдзе ў два этапы. Падчас першага удзельнікі будуць дасылаць відэа з вершам і анкетай да 31 студзеня 2023 года на адрас: konkurs@tutaka.org ці трансферам кшталту wetransfer.com, myairbridge.com, dropbox, google disk. Да 10 лютага 2023 года журы назаве імёны тых, хто пройдзе ў другі этап, які стане фінальным.

Фонд Tutaka – арганізацыя, якая працуе ў інтарэсах беларускай культуры, так пазначана ў яго Твітэры.