Французскі прафесар прэзентуе кнігу аб пратэстах у Беларусі
6 ліпеня 2023
189

Падзеі ў Беларусі ў 2020 годзе і гісторыі беларускіх эмігрантаў апісвае ў сваёй кнізе “Прыпыненая рэвалюцыя. Беларусы супраць аўтарытарнай дзяржавы” прафесар сацыялогіі Ранан Эрвуэ з універсітэту ў Бардо . Яе прэзентацыя намечана ў Варшаве.

Як паведамілі “Дыяспары.info” арганізатары мерапрыемства – “Вольны Беларускі Ўніверсітэт”, Ранан Эрвуэ спецыялізуецца на беларускай тэматыцы. Ён аўтар манаграфіяў і навуковых артукулаў пра Беларусь. “Яго апошняя кніга апісвае падзеі, звязаныя з няскончанай беларускай рэвалюцыяй 2020 і асабістымі гісторыямі тых людзей, што былі вымушаныя апынуцца за межамі сваёй бацькаўшчыны”, – паведамілі ў ВБЎ.

Сустрэча з прафесарам плануецца на 18:00 7 ліпеня 2023 года ў Беларускім Доме ў Варшаве. “Сустрэча будзе праводзіцца на французскай мове з перакладам на беларускую. Асобаў, якія будуць патрабаваць перакладу на беларускую, просім узяць з сабой навушнікі да мабільных – пераклад будзе адбывацца праз тэлеграм-канал ВБЎ”, – паведамляюць арганізатары, адзначаючы, што ўваход на мерапрыемства вольны.

Акрамя таго, на восень 2023 года ў рамках ВБЎ запланаваны курс прафесара Эрвуэ “Сацыялогія недэмакратычных рэжымаў: этнаграфічны падыход”. 

Нагадаем, што ўвосень 2022 года даследаванне “Здароўе і дабрабыт у беларускай дыяспары” ініцыяваў універсітэт Эксэтэр з Вялікабрытаніі. Навукоўцаў цікавілі паўналетнія беларусы, якія, пачынаючы з 2020 года, пераехалі ў Швецыю, Літву ці Польшчу.