
Беларусы ва Францыі збіраюць грошы на набыццё неабходнай амуніцыі і абмундзіравання для групы беларускіх дабраахвотнікаў, якія накіроўваюцца змагацца з расійскімі захопнікамі ва Ўкраіну.
“Ваяры з баявым досведам у 2022 годзе прайшлі Мікалаеў, Севераданецк, Бахмут, Запарожжа. Пасля смерці камандзіра “Брэста” гэтыя ваяры сышлі з ПКК (Палка імя Кастуся Каліноўскага – Дыяспара.info), але зноўку вяртаюцца на фронт, каб працягваць змагацца за свабоду Ўкраіны і Беларусі”, – паведамляе тэлеграм-канал “Пул Францыі”.
Там жа адзначаецца, што беларускім ваярам патрэбны хаця б адзін прыбор начнога бачання – манокль трэцяга пакалення коштам 2 тыс. еўра, 12 пар ботаў 42 — 45 памераў на зіму-вясну агульным коштам каля 1 тыс. еўра. Агульная сума, якую збірае дыяспара ва Францыі – 3 тыс. еўра.
Перадаваць ахвяраванні прапануецца праз Нelloasso альбо праз PayPal.
Дыяспара пастаянна арганізуе акцыі па зборы неабходных рэчаў для беларускіх ваяроў ва Ўкраіне. Так, напачатку лютага 2023 года беларусы ў польскім Беластоку адгукнуліся на просьбу Палка імяКастуся Каліноўскага, які ваюе супраць расійскай агрэсіі ва Ўкраіне, сабраць і перадаць ваярам найбольш патрэбныя для іх медыкаменты.
У лістападзе 2022 года збор грошай і рэчаў на карысць беларускага батальёна “Тэрор”, які ваюе ў складзе ўкраінскй арміі, наладзілі беларусы Батумі.
Матэрыялы па тэме: