Грамадская арганізацыя “Пагоня” заклікае да аб’яднання краін Міжмор’я
14 снежня 2022
91

Беларусі трэба ўвайсці ў Еўрасаюз і разам з краінамі, што знаходзяцца паміж Чорным і Балтыйскім марамі, стварыць рэгіянальнае аб’яднанне Міжмор’е, лічыць грамадская арганізацыя “Пагоня”, якую стварылі байцы аднайменнага палка, што ваюе ў складзе ўкраінскай арміі.

Наша мэта — фармаванне рэгіянальнага аб’яднання краінаў Міжмор’я, а таксама ўступленне ў Еўрапейскі саюз. Пытанне далучэння да абарончага саюза НАТА павінна вырашацца на агульнацыянальным рэферэндуме”, – гаворыцца ў дэкларацыі арганізацыі, якую 13 снежня 2022 года, распаўсюдзіў тэлеграм-канал палка “Пагоня”.

Сябры “Пагоні” лічаць неабходным адмяніць усе змены ў Канстытуцыю Беларусі, якія адбыліся, пачынаючы з 1996 года. “Шанаванне норм Канстытуцыі 1994 года дазволіць захаваць сапраўднае раздзяленне ўладаў. У перспектыве можа быць разгледжана пытанне аб неабходнасці ўтрымання пасады прэзідэнта ўвогуле і пераходу да парламенцкай формы праўлення”, – адзначаецца ў дэкларацыі.

Таксама “Пагоня” выступае за тое, каб беларуская мова зноў стала адзінай дзяржаўнай мовай у Беларусі. “Разам з тым мы будзем шанаваць камунікацыю на іншых мовах у грамадзянскіх зносінах. Вывучэнне сапраўднай гісторыі і культурнай спадчыны беларускага народа з’яўляецца нашым прыярытэтам. Дэсаветызацыя, дэкамунізацыя і дэрусіфікацыя таксама будуць асноўнымі задачамі аб’яднання”, – падкрэсліваюць сябры “Пагоні”.

Што тычыцца веравызнання, то, выступаючы за яго свабоду, “Пагоня” лічыць, што “Маскоўскі патрыярхат павінен вярнуцца ў свае межы, а беларускія праваслаўныя вернікі павінны мець сваю царкву”.

Згодна дэкларацыі, грамадскае аб’яднанне выступае за пакаранне і люстрацыю вінаватых у злачынствах супраць беларускага народа, выплату кампенсацый ахвярам рэжыму Лукашэнкі, а незаконныя прысуды павінны быць неадкладна адмененыя. “Пагоня” таксама паведамляе, што гатова да супрацоўніцтва з усімі структурамі, рухамі і ініцыятывамі, якія падзяляюць яе прынцыпы і мэты на падставе нацыянальных каштоўнасцяў і неабходнасці адраджэння беларускай дзяржавы.

21 лістапада 2022 года створанае беларусамі, якія стала пражываюць ва Ўкраіне, а таксама байцамі беларускага палка “Пагоня” аднайменнае грамадскае аб’яднанне атрымала афіцыйную рэгістрацыю. Тады арганізацыя паабяцала абвесціць працэдуру ўступлення ў яе склад, а таксама накіраваць партнёрам запрашэнне да супрацы.

Нагадаем, што напачатку кастрычніка 2022 года полк “Пагоня” заявіў аб намеры аб’яднаць беларусаў Украіны шляхам стварэння спартыўна-патрыятычнага таварыства і правядзення беларускага сходу.

У верасні 2022 года беларускія свабодныя спартсмены заснавалі грамадскую камісію дзеля забеспячэння празрыстасці выкарыстання сабраных сродкаў для палка “Пагоня”.