Грамадзяне РБ не змогуць прязджаць у Ірландыю па брытанскай кароткачасовай візе
26 кастрычніка 2022
119

З-за расійскага нападу на Ўкраіну і вядзенне там захопніцкай вайны з удзелам рэжыму Лукашэнкі грамадзянам Беларусі і Расіі цяпер не дазволяць прыязджаць у Ірландыю па кароткачасовай візе, выданай Вялікабрытаніяй.

Я падпісала заканадаўчы акт аб выключэнні Расіі і Беларусі са спісу краін, якія могуць скарыстацца праграмай бязвізавага рэжыму для кароткатэрміновага знаходжання ў святле расійскай агрэсіі супраць Украіны”, – цытуе словы ірландскага міністра юстыцыі Хэлен МакЭнці сайт ураду Ірландыі.

У прэс-рэлізе, апублікаваным 25 кастрычніка 2022 года, гаворыцца, што да апошняга моманту грамадзяне Беларусі і Расіі маглі скарыстацца схемай, па якой згодна загаду ад 2014 года былі ўнесены змены ў закон Ірландыі аб іміграцыі ад 2004 года. Паводле гэтай схемы грамадзяне вялікай колькасці краін згодна Праграмы адмовы ад кароткатэрміновых віз, якія заехалі ў Злучанае Каралеўства па адпаведных брытанскіх кароткатэрміновых візах, могуць падарожнічаць у Ірландыю без неабходнасці атрымання ірландскай візы.

Пастанова Расійскай Федэрацыі ўварвацца ва Ўкраіну і прызнаць шэраг непадкантрольных ураду раёнаў, уключаючы Данецк і Луганск, незалежнымі ўтварэннямі з’яўляецца сур’ёзным парушэннем міжнароднага права. Ірландыя працягвае падтрымліваць дзеянні на еўрапейскім узроўні (ЕС) і ўзроўні арганізацыі Аб’яднаных Нацый (ААН), закліканыя пакласці канец неапраўданай вайне супраць Украіны”, – заявіла сярод іншага ірландскі міністр.