Грузінская апазіцыя збірае подпісы за ўвядзенне віз для грамадзян Беларусі
6 жніўня 2022
138

«Лело для Грузіі» – апазіцыйная партыя ў грузінскім парламенце заклікала ўвесці візавы рэжым для грамадзян Беларусі і Расіі з-за вялікай колькасці прыезджых з гэтых краін. Заклік падтрымалі ўжо амаль 20 тыс. чалавек.

У «Лело» лічаць, што ў цяперашні час паток прыезджых з Расіі «драматычна вырас», ён не кантралюецца ўрадам, што выкліча праблемы ў будучым. Таму партыя патрабуе “ўзмацнення жорсткасці візавага рэжыму з Расейскай Федэрацыяй”.

“Адпаведныя структуры не кантралююць і не могуць кантраляваць грамадзян, якія заехалі на нашу тэрыторыю з краіны-акупанта, краіна не абароненая перад тымі выклікамі і існуючымі небяспекамі, якія крытычна павялічыліся на фоне ўварвання Расеі ва Украіну і баявых дзеянняў, якія працягваюцца», – перадае змест заявы «Лело» інтэрнэт-выданне «Новости-Грузия».

Што тычыцца Беларусі, то ў “Лело” ўказваюць, што яна таксама датычная да вядзення Расеяй баявых дзеянняў на Украіне.

«Усталяваць візавы рэжым для грамадзян Расіі і Беларусі, згодна з якім грамадзяне Расіі і Беларусі не змогуць знаходзіцца на тэрыторыі Грузіі больш за 3 месяцы на працягу года, што забяспечыць грамадзянам Расіі і Беларусі магчымасць прыязджаць ў Грузію толькі з турыстычнымі мэтамі», – гаворыцца ў петыцыі на платформе Manifest.ge.

У сваю чаргу старшыня кіруючай партыі “Грузінская мара” Іраклій Кабахідзэ заявіў, што колькасць расейцаў, якія прыехалі ў Грузію ў першым паўгоддзі, не перавышае 7% ад усяго насельніцтва краіны, якое складае каля 3,7 млн чалавек. Палітык назваў хлуснёй меркаванне журналістаў аб тым, што гэтая лічба ўжо перавысіла 10%. Пра долю беларускіх грамадзян у колькасці ўсіх жыхароў Грузіі ён не паведаміў.

У цяперашні час віза для наведання гэтай закаўказскай краіны расійскім і беларускім грамадзянам не патрэбна.