Інстытут беларускай кнігі прыняў заяву з прапановай аб далучэнні
10 лютага 2023
175

Першы дакумент – “Заява аб стварэнні Інстытута беларускай кнігі” прыняты ўдзельнікамі ўстаноўчай канферэнцыі, якая прайшла ў Варшаве напрыканцы студзеня 2023 года. Да яе могуць далучыцца тыя, хто падзяляе мэты і задачы новай арганізацыі.

Мы, прадстаўнікі грамадзянскай супольнасці Беларусі, а таксама беларусы і беларускі з іншых краін, зыходзячы з разумення актуальнага стану кнігавыдавецкай справы на беларускай мове, а таксама неабходнасці падтрымкі нацыянальнай мовы і культуры, абвяшчаем аб стварэнні арганізацыйнай групы па рэгістрацыі недзяржаўнай грамадскай арганізацыі і фундацыі “Інстытут беларускай кнігі” ў Рэспубліцы Польшча, якая мусіць распаўсюджваць сваю дзейнасць на падтрымку беларускай кніжнай справы ў Беларусі і іншых краінах свету, і ажыццяўляць яе ў поўнай адпаведнасці з місіяй і статутам”, – гаворыцца ў заяве, якую прынялі і распаўсюджваюць для падпісання зацікаўленымі асобамі ўдзельнікі студзеньскай каеферэнцыі.

Паводле дакумента, Інстытут беларускай кнігі як грамадская ініцыятыва будзе аб’ядноўваць аўтараў, перакладчыкаў, выдаўцоў, вытворцаў аўдыёкніг, чытачоў, кнігараспаўсюднікаў, кніжных дызайнераў, ілюстратараў, графікаў,  бібліятэкараў, крытыкаў, навукоўцаў, блогераў, валанцёраў і актывістаў, мецэнатаў, а таксама грамадскія ініцыятывы і арганізацыі, якія займаюцца пытаннямі беларускай кнігі.

Таксама Інстытут засноўваецца для прамоцыі і рэпрэзентацыі беларускай кнігі, падтрымкі беларускага кніжнага асяроддзя ў Беларусі і за яе межамі. 

Мэтамі Інсытута акрэслены: пашырэнне тэрыторыі распаўсюду беларускай кнігі і прасоўванне беларускай культуры; папулярызацыя чытання і падвышэнне чытацкай культуры; удзел у міжнародным кніжным партнёрстве; стварэнне агульнай пляцоўкі для ўсіх удзельнікаў працэсаў у беларускай кніжнай сферы; падтрымка кнігавыдавецкіх ініцыятыў.

Бліжэйшымі сваімі задачамі ініцыятары стварэння Інстытута беларускай кнігі бачыць,  у прыватнасці, у стварэнні ініцыятыўнай групы (першаснай каманды) для наладжвання рабочай структуры Інстытута беларускай кнігі, распрацоўкі стратэгіі развіцця на бліжэйшы год; стварэнні сайта-вітрыны, навігатара па ўсіх беларускіх (як унутраных, гэтак і замежных) кніжных і чытацкіх ініцыятывах; стварэнні сеткі кантактаў прадстаўнікоў кніжнага асяроддзя; удзеле ў міжнародных кніжных падзеях (кірмашах, выставах, фестывалях і інш.); кансультаванні па механізмах узаемадзеяння аўтараў і выдавецтваў, вытворцаў аўдыёкніг: падатках, ільготах, рэгістрацыі і інш; атрыманні аўтарскіх правоў; стварэнні і падтрымцы адукацыйных праектаў/рэсурсаў для маладых аўтараў, пачынаючых незалежных выдаўцоў і кніжных прадпрымальнікаў.

Інстытут беларускай кнігі засноўваецца як грамадская арганізацыя, далучыцца да працы якой могуць усе ахвочыя (назіральнікам, сябрам каманды, партнёрам, валанцёрам, інш.). Таксама арганізацыя ў сваёй дзейнасці павінна будзе кіравацца прынцыпам публічнай справаздачнасціі незалежнага фінансавага аўдыту”, – паведамляецца ў заяве, якую з імёнамі падпісантаў плануецца апублічыць 15 лютага 2023 года. Тыя, хто падпіша заяву пазней, будуць улічаныя ў агульнай справаздачы і павялічаць грамадскую падтрымку праекта. 

Афіцыйнай электроннай поштай Інстытута беларускай кнігі з’яўляецца instbelknig@gmail.com.

Як абяцаюць ініцыятары стварэння арганізацыі, бліжэйшымі днямі будзе створаны тэлеграм-канал, прысвечаны дзейнасці Інстытута беларускай кнігі. Там жа будзе інфармацыя, як далучыцца да ініцыятыўнай арганізацыйнай групы.

Нагадаем, што 21 студзеня 2023 года некалькі дзясяткаў чалавек прынялі ўдзел у канферэнцыі “Інстытут беларускай кнігі: мары аб будучыні”, якая адбылася ў Варшаве. Галоўнай мэтай канферэнцыі было заснаванне данага інстытута.

Фота: Беларускі ПЭН-цэнтр