Кабінет Ціханоўскай абвесціў Год беларускай мовы
31 снежня 2022
158

Пра абвяшчэнне 2023 года Годам беларускай мовы заявіла прадстаўніца па нацыянальным адраджэнні Аб’яднанага пераходнага кабінета Аліна Коўшык. У Беларусі 2023 год будзе яшчэ і Годам рускай мовы.

Аб’яднаны пераходны кабінет абвяшчае 2023-ці год Годам беларускай мовы і нацыянальнага адраджэння. Будзем разам з вамі пашыраць беларускую прастору вакол нас. Кожнага з нас”, – перадае словы Коўшык тэлеграм-канал кабінета.

Таксама яна дала ацэнку 2022 году, назваўшы яго адным з самых складаных. “Год пачатку вайны. Год няспынных рэпрэсій. Год усеагульнай дэпрэсіі і, падаецца, безвыходнасці. Але, з іншага боку, год цвёрдай упэўненасці, што мы працягваем барацьбу. Год партызанскага змагання і няскоранасці. Год яднання беларусаў і ўсеагульнай дапамогі. Год, які ясна паказаў, дзе чорнае, а дзе белае. Год, які пераканаў, што за нашу краіну мы будзем змагацца. Год каштоўнасці беларушчыны і год палітычнага разумення неабходнасці нацыянальнага адраджэння. Год, калі мы ясна ўсвядомілі, што культура — гэта нашая зброя ў барацьбе за будучыню”, – адзначыла Аліна Коўшык.

Прапанова абвесціць 2023 год Годам рускай мовы як мовы міжнацыянальных зносін упершыню прагучала ў верасні 2022 года на пасяджэнні Савета па культурнаму супрацоўніцтву дзяржаў СНД. Яно прайшло ў Мінску з удзелам экспертаў з Азербайджана, Беларусі, Казахстана, Кіргізіі, Малдавіі, Расіі, Туркменістана, Узбекістана, Нацыянальнага гістарычнага музея Беларусі, Міжнароднага Дэльфійскага камітэта і Выканаўчага камітэта СНД, паведамляе “Расійская газета” са спасылкай на “Вячэрні Бішкек”.

Потым 14 кастрычніка 2022 года па пасяджэнні Савета кіраўнікоў дзяржаў СНД у Астане з той жа ініцыятывай выступіў прэзідэнт Казахстана Касым-Жамарт Такаеў, піша Orient news

Апошні раз пра абвяшчэнне 2023 года ў СНД Годам рускай мовы заявіў 27 снежня 2022 года прэзідэнт Расіі Ўладзімір Пуцін, перадае Белта.

Па даных ЮНЕСКО, беларуская мова зараз знаходзіцца на першай з чатырох стадый вымірання, піша ThinkTanks.by са спасылкай на “Нямецкую хвалю”.

Руская мова з’яўляецца адной з вядучых сусветных моў, будучы афіцыйнай і працоўнай мовай у большасці аўтарытэтных міжнародных арганізацый (ААН, МАГАТЭ, ЮНЕСКО, САЗ і іншыя).