Кабінет Ціханоўскай абяцае дапамагаць ствараць беларускія школы
4 студзеня 2023
187

Спрыяць стварэнню сеткі беларускіх школ і беларускіх бібліятэк паабяцала 4 студзеня 2023 года прадстаўніца Аб’яднанага пераходнага кабінета Аліна Коўшык, тлумачы абвяшчэнне 2023 года Годам беларускай мовы і нацыянальнага адраджэння.

Падрабязны план яшчэ дапрацоўваецца, але ўжо зараз магу сказаць, што мы будзем рабіць так, каб дарослым і дзецям было прасцей вывучаць беларускую мову. Будзем садзейнічаць стварэнню сеткі беларускіх школ. Будзем заахвочваць беларускія медыйныя пляцоўкі, у тым ліку блогераў і знакамітасцяў  — больш ужываць беларускую мову для яе папулярызацыі”, – перадае словы Коўшык тэлеграм-канал Аб’яднанага пераходнага кабінета.

Таксама яна паабяцала падтрымаць праекты, якія папулярызуюць беларускую мову, культуру, гісторыю, але пра якія мала хто ведае. “І вось мы пастараемся падтрымаць іх, зрабіць так, каб інфармацыя пра іх была акумулявана, размешчана на адной пляцоўцы ў прывабным выглядзе”, – кажа прадстаўніца па нацыянальным адраджэнні.

Аліна Коўшык паабяцала падтрымку і беларускаму кнігавыданню. “Мы — скарынаўская, кніжная нацыя. У нас заўжды быў высокі ўзровень адукаванасці. Але сёння рэжым спрабуе знішчыць і забараніць беларускую кнігу. Таму мы, па прыкладзе наватара Скарыны, зробім стаўку на новыя тэхналогіі: паспрыяем стварэнню цэлай бібліятэкі беларускіх аўдыё- і электронных кніг. Каб кнігі даходзілі да беларусаў, мы будзем удзельнічаць у наладжванні сістэмы іх распаўсюду”, – адзначае яна.

Паводле Коўшык, мэта кабінета – каб беларусы ўмацавалі сваю нацыянальную ідэнтычнасць, што асабліва важна для тых, хто з’ехаў за мяжу.

Нагадаем, што зараз рэалізуецца праект «Беларуская школа ў Варшаве». Яна прадугледжвае анлайн-навучанне дзяцей беларусаў з дыяспары па праграме, існуючай у Беларусі.

31 снежня 2022 года вуснамі Аліны Коўшык Аб’яднаны пераходны кабінет абвесціў 2023 год Годам беларускай мовы і нацыянальнага адраджэння. Па даных ЮНЕСКО, беларуская мова зараз знаходзіцца на першай з чатырох стадый вымірання.

Фота: тэлеграм-канал Аб’яднанага пераходнага кабінету