
Польскія чыноўнікі паабяцалі Аб’яднанаму пераходнаму кабінету ігнараваць рашэнне лукашэнкаўскіх улад аб скасаванні беларуска-польскага пагаднення аб узаемным прызнанні дыпломаў аб адукацыі. Таксама кабінет рыхтуе ўзоры ўласных дыпломаў.
25 кастрычніка 2022 года ўвайшла ў дзеянне пастанова Савета міністраў Беларусі “Аб спыненні пагаднення паміж урадам Рэспублікі Беларусь і ўрадам Рэспублікі Польшча аб прызнанні эквівалентнасці ў вышэйшай адукацыі, раўназначнасці вучоных ступеняў і ступеняў у галіне мастацтва” ад 28 красавіка 2005 года.
«Мы надалей будзем прызнаваць беларускія пасведчанні і дыпломы. Для нас пагадненне працягвае дзейнічаць», — заявіў дзяржсакратар Міністэрства адукацыі і навукі, паўнамоцны прадстаўнік урада Польшчы па пытаннях развіцця і міжнародных адносінаў у галіне адукацыі і навукі Томаш Жымкоўскі.
16 снежня 2022 года з ім, а таксама з дырэктарамі дэпартаментаў Міністэрства адукацыі і навукі Польшчы, сустрэліся прадстаўнікі Аб’яднанага пераходнага кабінета Святланы Ціханоўскай Павел Латушка і Аліна Коўшык, паведамляе тэлеграм-канал кабінета.
Яны абмеркавалі магчымасць сумеснага з польскімі ўладамі рашэння, якое б зрабіла апастылі ад беларускіх уладаў непатрэбнымі, а адсутнасць сертыфіката ЦТ — не перашкаджала б пры паступленні ў Польшчы беларускім абітурыентам, калі яны не могуць яго атрымаць з-за рэпрэсій ці іншых паважных прычын. Дамоўлена, што пры станоўчым рашэнні польскіх уладаў, прадстаўнікі Аб’яднага пераходнага кабінета Беларусі разам з Міністэрствам адукацыі і навукі Польшчы сумесна распрацуюць адпаведныя інструкцыі ў гэтай справе.
Прадстаўнікі кабінета паабяцалі, што распрацуюць працэдуру, па якой рэпрэсаваныя беларускія студэнты змогуць дабіцца для сваёй няскончанай беларускай сярэднеспецыяльнай адукацыі статусу скончанай, што дасць ім магчымасць працягнуць навучанне ў Польшчы.
Таксама было абмеркавана стварэнне сеткі суботніх школ па вывучэнні беларускай мовы, літаратуры і гісторыі з магчымасцю выдачы дыпломаў па ўзоры, зацверджаным Аб’яднаным пераходным кабінетам.
У сваю чаргу польскі бок выказаў зацікаўленасць у прыняцці на працу беларускіх настаўнікаў пасля настрыфікацыі іх дыпломаў.
Нагадаем, што ў верасні 2022 года Павел Латушка заявіў, што Аб’яднаны пераходны кабінет зможа выдаваць пашпарты РБ, калі лукашэнкаўскія ўлады пойдуць на тое, каб пазбаўляць грамадзянства беларусаў, якія пражываюць за мяжой.
Фота: тэлеграм-канал Аб’яднанага пераходнага кабінету
Матэрыялы па тэме: