Кабінет Ціханоўскай хоча вывесці Беларусь з Саюзнай дзяржавы і АДКБ
18 кастрычніка 2022
135

Скасаваць дамову аб ўтварэнні Саюзнай дзяржавы і пагадненне аб уваходжанні Беларусі ў Арганізацыю дамовы аб калектыўнай бяспецы (АДКБ) плануе Аб’яднаны пераходны кабінет, калі стане афіцыйнай беларускай уладай.

Пра жаданы перагляд дагаварных адносін з Расіяй распавёў прадстаўнік кабінета Святланы Ціханоўскай па замежных справах Валерый Кавалеўскі ў эфіры «Медіа Центр Україна — Укрінформ» 18 кастрычніка 2022 года.

Паводле яго, у кабінеце распрацаваны падыход да перагляду дагаворных адносінаў з Расіяй, і скасаванне пагадненняў, якія падрываюць нацыянальныя інтарэсы Беларусі, у тым ліку пагаднення аб уваходжанні ў АДКБ.

Таксама кабінет Ціханоўскай намераны скасаваць дамову аб стварэнні Саюзнай дзяржавы, бо яна з’яўляецца дарожнай мапай паглынання Расіяй Беларусі.

Тое ж самае будзе чакаць пагадненні аб эканамічнай інтэграцыі, якія перадаюць Крамлю кантроль над Беларуссю. А альтэрнатывай адносінам з Расіяй, якія выбудоўваў Лукашэнка, павінна стаць збліжэнне Беларусі з Еўропай.

Акрамя таго, Кавалеўскі, адказваючы на пытанні, адзначыў, што кабінет выступае за тэрытарыяльную цэласнасць Украіны, а Крым мусіць стаць украінскім не толькі дэ-юрэ, але і дэ-факта. У сваю чаргу Лукашэнка яскрава абазначыў сваю антыўкраінскую пазіцыю і за саўдзел у агрэсіі супраць Украіны павінен сядзець на адной лаўцы падсудных з Уладзімірам Пуціным, сказаў прадстаўнік кабінету Ціханоўскай.

Нагадаем, што раней у кастрычніку лідэр беларускага пратэста Святлана Ціханоўская прапанавала прэзідэнту Ўкраіны Ўладзіміру Зяленскаму ўсталяваць з Аб’яднаным пераходным кабінетам дыпламатычныя і палітычныя адносіны.

Афіцыйны Кіеў не бачыць пакуль неабходнасці разрываць дыпламатычныя адносіны з лукашэнкаўскім рэжымам. У жніўні 2022 года міністр замежных спраў Украіны Дзмітрый Кулеба заявіў, што лічыць патрэбным разарваць гэтыя дыпламатычныя адносіны, калі армія РБ зойдзе на тэрыторыю Ўкраіны.