
Канферэнцыя «Інстытут беларускай кнігі: мары аб будучыні», правядзенне якой запланавана ў Варшаве, мусіць стаць устаноўчым сходам па заснаванні Інстытута беларускай кнігі.
“Ва ўмовах бесперапыннай барацьбы рэжыму супраць беларускай кнігі, калі ў спіс «экстрэмісцкіх матэрыялаў» уносяцца ўсё новыя і новыя беларускія мастацкія і гістарычныя выданні, канферэнцыя стане пляцоўкай для пошуку якасна новых рашэнняў па захаванні і развіцці беларускай кніжнай справы як базавага элемента нацыянальнай культуры”, – гаворыцца ў паведамленні тэлеграм-канала Аб’яднанага пераходнага кабінета.
Канферэнцыю, правядзенне якой намечана 21 студзеня 2023 года ў Варшаве, арганізуюць прадстаўніца па нацыянальным адраджэнні Аб’яднанага пераходнага кабінета Аліна Коўшык, Беларускі ПЭН-цэнтр, грамадская кампанія «Будзьма беларусамі!», платформа «Інбелкульт 2.0».
Канферэнцыя пройдзе ў гібрыдным фармаце. Для ўдзелу ў якасці арганізатара дыскусіі ці круглага стала, выступоўцы або слухача неабходна прайсці рэгістрацыю https://forms.gle/3N9yc8xBXuet55Mx8.
Удзельнікі канферэнцыі абмяркуюць пытанні распаўсюду беларускай кнігі, прэзентацыі яе на міжнароднай арэне, фарміраванні беларускага кніжнага рынку. Для сістэмнага вырашэння гэтых пытанняў плануецца разгледзіць магчымасць заснавання спецыяльнай установы — Інстытута беларускай кнігі.
Нагадаем, што ў снежні 2022 года Беларуская рады культуры стварыла “Магістрат “Кнігаўка” для збора грошай на аднаўленне дзейнасці выдавецтва Андрэя Янушкевіча і выдання кніг на беларускай мове. Як паведамлялася ў кастрычніку 2022 года, кнігавыдавец Андрэй Янушкевіч рыхтуе восем кніг да выдання ў Польшчы.
22 кастрычніка 2022 года ў Цэнтры беларускай салідарнасці (ЦБС) ў польскай сталіцы адкрылася пастаянная кніжная выстава, кнігі з якой можна замаўляць па ўсёй Польшчы.
Фота: uomgol3.by
Матэрыялы па тэме: