Кабінет Ціханоўскай і НАУ вітаюць прызнанне ў Чэхіі КДБ і ГУБАЗіК арганізацыямі, якія падтрымліваюць тэрарызм
16 лютага 2023
185

Рэкамендацыя сенатам Чэхіі ўраду краіны накласці санкцыі на супрацоўнікаў КДБ і ГУБАЗіК і аб’явіць іх арганізацыямі, якія падтрымліваюць тэрарызм была б немагчыма без працы Аб’яднанага пераходнага кабінета і Народнага антыкрызіснага ўпраўлення (НАУ), лічыць Павел Латушка.

Да абвяшчэння выканаўчай уладай Чэхіі згаданых карных структураў Лукашэнкі тэрарыстычнымі засталося зрабіць адзін крок. Гэта важная падзея для ўсіх нас, якая была б немагчымай без планамернай працы юрыстаў і дыпламатаў прадстаўніцтва Аб’яднанага пераходнага кабінета Беларусі па транзіце ўлады і Народнага антыкрызіснага ўпраўлення”, – напісаў у Facebook кіраўнік НАУ і прадстаўнік кабінета па транзіце ўлады Павел Латушка.

Тэму тэрарыстычнага характару дзеянняў КДБ і ГУБАЗіК уздымалі раней падчас сваіх афіцыйных візітаў у Чэхію Святлана Ціханоўская і прадстаўнік Аб’яднанага пераходнага кабінета па транзіце ўлады Павел Латушка”, – нагадвае ў Facebook Kancelář demokratických sil Běloruska v České republice.

Паводле прынятай 15 лютага 2023 года чэскімі сенатарамі рэзалюцыі, КДБ і ГУБАЗіК выкарыстоўваюцца рэжымам Лукашэнкі для пераследу апазіцыі і запалохвання грамадзянскай супольнасці Беларусі. Таксама:

◾️ гэтыя арганізацыі здзейснілі акт дзяржаўнага тэрарызму і напады на дэмакратыю, свабоду слова і еўрапейскі суверэнітэт, пасадзіўшы самалёт авіякампаніі Ryanair і затрымаўшы Рамана Пратасевіча і Соф’ю Сапегу;

◾ з лютага 2022 года з тэрыторыі Беларусі ўзброеныя сілы Расійскай Федэрацыі ажыццяўляюць напады на Ўкраіну, што робіць вышэйшых прадстаўнікоў беларускага рэжыму саўдзельнікамі злачынства агрэсіі, учыненнем якога яны вельмі груба парушаюць Статут ААН;

◾️ нязгода з ваеннай агрэсіяй Расіі супраць Украіны сёння ў Беларусі лічыцца злачынствам;

◾️ у Беларусі дзейнічае смяротнае пакаранне, з шэрагам пратэстуючых абыходзяцца як з тэрарыстамі, каб было магчымым прымяніць да іх вышэйшую меру пакарання;

◾️ судовыя паседжанні з удзелам несправядліва асуджаных часта праходзяць без удзелу грамадскасці і журналістаў, таму грамадскі кантроль за дзеяннямі пенітэнцыярных структур адсутнічае;

◾️ сёння ў Беларусі каля 1450 палітвязняў, іх колькасць павялічваецца, да іх не маюць доступу ні члены сем’яў, ні члены дыпламатычнага корпуса, ні назіральнікі.

У снежні 2022 года рэзалюцыю па Беларусі і заклік прызнаць КДБ і ГУБАЗіК тэрарыстычнымі арганізацыямі прынялі ў Сейме Літвы.

Фота: rusplt.ru