Кабінет Ціханоўскай падтрымаў закрыццё Польшчай грузавога пагранперахода з Беларуссю
13 лютага 2023
148

Аб’яднаны пераходны кабінет расцаніў як адэкватны адказ Польшчы на беззаконне, што твораць лукашысты ў Беларусі, закрыццё памежнага пераходу ў польскіх Баброўніках. У той жа час ён лічыць неабходным пакінуць адкрытымі транспартныя пераходы як гуманітарныя калідоры.

Аб’яднаны пераходны кабінет Беларусі падтрымлівае рашэнне ўрада Рэспублікі Польшча аб закрыцці грузавога пагранперахода Баброўнікі-Бераставіца. Гэта адэкватны адказ на беззаконне ў Беларусі, рост колькасці палітычных зняволеных і бесчалавечнае абыходжанне з імі ў засценках. Па хваравітай рэакцыі незаконнага рэжыму бачна, што гэты крок зроблены ў правільным накірунку, бо абмяжоўвае магчымасці рэжыму фінансаваць рэпрэсіі”, – гаворыцца ў заяве кабінету ад 13 лютага 2023 года.

Чальцы кабінета заклікалі ўрад Польшчы, Літвы і іншых краін-сябраў ЕС, ЗША і ўсіх дзяржаў, якія заявілі аб сваёй прыхільнасці дэмакратычнай, суверэннай, незалежнай Беларусі, працягнуць нарошчваць ціск на рэжым з мэтай дабіцца спынення рэпрэсій і вызвалення палітычных зняволеных.

Пры гэтым абавязковай умовай для кабінета застаецца нацэленасць такіх мераў на нанясенне шкоды менавіта рэжыму Лукашэнкі. Важна, каб транспартныя пераходы заставаліся адкрытымі, у тым ліку як гуманітарныя калідоры ва ўмовах масавых рэпрэсій у Беларусі”, – падкрэсліваюць ў лідара беларускага пратэсту Святланы Ціханоўскай.

Таксама кабінет выступіў супраць любых выключэнняў у рамках санкцыйнага рэжыму, у тым ліку супраць шырока абмяркоўваемай верагоднасці прымянення выключэнняў для беларускага калію ў рамках новага пакета санкцый Еўрапейскага саюза, які рыхтуецца да прыняцця. Па мяркаванні сябраў кабінету, гэта створыць новыя шчыліны ў рэжыме санкцый, якія дазволяць дыктатуры атрымаць неабходныя рэсурсы для нарошчвання рэпрэсій супраць беларускага народа і падтрымкі расійскай агрэсіі супраць Украіны.

Аб’яднаны пераходны кабінет выступае за выкарыстанне ўсіх даступных спосабаў ціску на рэжым Лукашэнкі з мэтай вызвалення палітычных зняволеных. Лічым магчымым пачатак любых перамоўных працэсаў з рэжымам Лукашэнкі толькі пасля поўнага спынення рэпрэсій і вызвалення палітвязняў з гуманітарнага спісу ў якасці першага кроку з боку рэжыму”, – гаворыцца ў заяве.

Кабінет Ціханоўскай усклаў усю адказнасць за закрыццё пагранпераходаў, як і за любыя іншыя наступствы прымяняемых санкцый выключна на рэжым Лукашэнкі, які працягвае незаконна ўтрымліваць уладу, здзяйсняць масавыя рэпрэсіі і іншыя злачынствы супраць чалавечнасці ў дачыненні да беларусаў, дзеянні, якія ўяўляюць пагрозу міжнароднаму міру і бяспецы, у тым ліку, захоп самалёта для арышту апанента, арганізацыю міграцыйнага крызісу на межах з Еўрапейскім саюзам і саўдзел у вайне супраць Украіны на баку Расійскай Федэрацыі.

Спыненне рэпрэсій, вызваленне ўсіх без выключэння незаконна асуджаных па палітычных матывах беларусаў, спыненне саўдзелу Беларусі ў вайне, вывад усіх расійскіх войскаў з тэрыторыі Беларусі і абарона суверэнітэту і незалежнасці нашай краіны застаюцца найважнейшымі прыярытэтамі працы Аб’яднанага пераходнага кабінета”, – адзначаецца ў прынятым дакуменце.

Нагадаем, што польскі бок зачыніў з 10 лютага 2023 года памежны пераход “Баброўнікі” (з беларускага боку Бераставіца). Ён становіцца другім зачыненым пераходам пасля “Кузьніцы”.

Паводле міністра унутраных спраў Польшчы Марыюша Каміньскага., гэта было зроблена “з увагі на існуючы інтарэс бяспекі дзяржавы”. Ён таксама рэкаменадаваў сваім падначаленым службам падрыхтаваць на ўнясенне ў санкцыйныя спісы чарговых асоб, звязаных з рэжымам Лукашэнкі і адказных за рэпрэсіі супраць палякаў у Беларусі.

Фота: Аб’яднаны пераходны кабінет