Кабінет Ціханоўскай зацвердзіў першы медаль для ўзнагарод
11 лютага 2023
208

Медаль “Гонар і годнасць” Аб’яднаны пераходны кабінет намераны ўручаць ад імя беларускага народа асобам, якія праявілі выключную адданасць у служэнні Беларусі.

Пастанова №3, якой заснаваны медаль, датуецца 11 лютым 2023 года. Паводле яе, зацверджана часовае палажэнне аб медалі, зроблена яго апісанне і выява.

Прадстаўніцы кабінета на нацыянальным адраджэнні Аліне Коўшык даручана ў месячны тэрмін унесці на разгляд палажэнне аб Камісіі па ўзнагародах.

Дадзеная пастанова ўступае ў дзеянне з моманту падпісання і дзейнічае да ўнясення зменаў у Закон Рэспублікі Беларусь “Аб Дзяржаўных узнагародах Рэспублікі Беларусь” легітымным вышэйшым органам прадстаўнічай і заканадаўчай улады Рэспублікі Беларусь”, – гаворыцца ў дакуменце.

Медаль  «Гонар і годнасць», які мы ўжо вырабілі, — гэта медальён серабрыстага колеру з выявай «Пагоні» ў лаўровым вянку, з надпісам «Беларусь перадусім» на адваротным баку. Гэта адлюстроўвае гонар Айчыны за чалавека, які выключным чынам праявіў сябе ў служэнні ёй”, – цытуе Аліну Коўшык тэлеграм-канал Аб’яднанага пераходнага кабінета.

Паводле яе, галоўным элементам сюжэту медаля з’яўляецца герб «Пагоня». Лаўровы вянок узяты з найбуйнешага манетнага намінала часоў ВКЛ – залатога партугала Жыгімонта Аўгуста 1562 года, які выкарыстоўваўся пераважна ў якасці ўзнагароды за службу. Сабраныя разам яны звяртаюць увагу на пераемнасць паміж ВКЛ і Беларуссю, на наяўнасць у беларусаў сваёй даўняй традыцыі ўзнагародаў за заслугі перад радзімай.  Надпіс «Беларусь перадусім» акцэнтуе ўвагу на заслугі перад Беларуссю і яе народам.

Блакітны колер стужкі медаля падкрэслівае чысціню неба над Беларуссю. Бела-чырвона-белая ўстаўка адсылае да колераў беларускага нацыянальнага сцягу. Срэбраны колер у геральдыцы азначае сумленнасць, ахвярнасць і бескарыслівасць. Медаль распрацоўвалі найлепшыя беларускія геральдысты, гісторыкі, дзеячы культуры”, – адзначае прадстаўніца кабінету.

Фінансаваўся выраб медалёў за кошт дабрачыннага прыватнага ахвяравання, імя ахвярадаўцы кабінет не называе па яго просьбе.

Ужо зусім хутка мы абвесцім імёны  беларусаў, якія першымі атрымаюць гэтую ўзнагароду.  Некаторыя з іх, па меркаваннях бяспекі, будуць узнагароджаны непублічна. Само ўзнагароджанне, згодна з пастановай кабінета, мусіць адбывацца ў выглядзе ўрачыстай цырымоніі з удзелам кіраўніцы кабінета Святланы Ціханоўскай», – паведаміла Коўшык.

Нагадаем, што ў лістападзе 2022 года Рада Беларускай народнай рэспублікі заснавала медаль Ордэну Пагоня. Ім могуць узнагароджваць беларускіх і замежных грамадзян беззаганнага характару, якія маюць асаблівыя заслугі перад беларускім народам. Першымі ўзнагароджаныя медалём Ордэну Пагоні сталі актывісты і пратэстоўцы, якія загінулі ў сувязі з беларускімі пратэстамі 2020-2021 гадоў; беларускія ваяры, якія загінулі на вайне ва Ўкраіне ў 2022 годзе; беларускія добраахвотнікі і ваяры, якія загінулі падчас Рэвалюцыі годнасьці і на вайне ва Ўкраіне з 2014 года.

Фота: тэлеграм-канал Аб’яднанага пераходнага кабінета