Кабінет Ціханоўскай засакрэціў гатоўнасць рэалізацыі плана “Перамога”
10 кастрычніка 2022
166

Прадстаўнікі Аб’яднанага пераходнага кабінета далі справаздачу аб выкананні задач, абазначаных у пастанове, датычнай рэалізацыі плана “Перамога”.

Нагадаем, што згодна з пастановай №2, перад прадстаўнікамі кабінета былі пастаўлены разнастайныя задачы, якія павінны былі быць выкананы да 5 кастрычніка 2022 года. У праватнасці, прадстаўнік па законнасці і правапарадку, а адначасова і прадстаўнік Bypol Аляксандр Азараў мусіць прадставіць даклад аб гатоўнасці і тэрмінах рэалізацыі плана мабілізацыі “Перамога”. 

Як паведамляе 10 кастрычніка 2022 года Пераходны кабінет, Азараў праінфармаваў аб ступені гатоўнасці мабілізацыйнага плана «Перамога». “Дакумент з дакладам аб ступені гатоўнасці плана «Перамога» і тэрмінах яго рэалізацыі прызначаны для службовага карыстання і не падлягае распаўсюду ў поўным аб’ёме”, – гаворыцца ў паведамленні кабінета.

Разам з тым Азараў распавёў, што цяпер вызначаны: месцы збору і графік дзеянняў удзельнікаў плана; спосабы яднання ў групы; мабілізацыйныя прадпісанні для кожнай катэгорыі ўдзельнікаў плана; аб’екты прамысловасці і інфраструктуры, якія будуць задзейнічаны пры рэалізацыі плана. І на падставе справаздачы кабінет прыняў рашэнне аб узмоцненым інфармаванні насельніцтва Рэспублікі Беларусь аб асноўных палажэннях плана «Перамога» і ролі грамадзян у ім.

У сваю чаргу прадстаўнік па абароне і нацыянальнай бяспецы Валер Сахашчык распрацаваў і прадставіў на разгляд меры па ўсталяванню трывалай камунікацыі кабінета са згуртаваннямі беларускіх добраахвотнікаў, якія ваююць на баку Ўкраіны, і наладжванню сталага ўзаемадзеяння з імі. 

Прадстаўнік па транзіце ўлады Павел Латушка даў справаздачу аб выніках працы з дзяржаўнымі служачымі Рэспублікі Беларусь, якія выявілі гатоўнасць падтрымаць дэмакратычныя змены. З мэтай стварэння кадравага патэнцыялу ўнутры краіны распрацавана канцэпцыя «Кадравы рэзерв Новай Беларусі».

Прадстаўнік па замежных справах Валер Кавалеўскі прадставіў прапановы па новай мабілізацыі міжнароднай дапамогі для дзейнасці кабінета і беларускай грамадскасці ў справе абароны незалежнасці і суверэнітэту Беларусі. Таксама ён прадставіў канцэпцыю перагляду дагаворна-прававой базы адносінаў Рэспублікі Беларусь з Расійскай Федэрацыяй, якая прадугледжвае ацэнку адпаведнасці двухбаковых дамоўленасцяў нацыянальным інтарэсам Беларусі і скасаванне тых дагавароў, якія шкодзяць беларускаму нацыянальнаму суверэнітэту і незалежнасці.

Як раней паведамляў Аляксандр Азараў, ужо каля года з паловай Bypol займаецца спецыяльнай падрыхтоўкай беларусаў у межах плана “Перамога”. “Стаіць вялікая чарга на падрыхтоўку. Да нас запісалася 800 чалавек толькі за тры дні“, – распавёў ён пра створаныя ў Польшчы харугвы для ўдзелу ў “спецаперацыях” на тэрыторыі Беларусі.