Кінематаграфісты-эмігранты стварылі Беларускую незалежную кінаакадэмію
1 лютага 2023
250

Беларуская незалежная кінаакадэмія (BIFA) створана для падтрымкі незалежных дзеячоў мастацтва.

Афіцыйнае адкрыццё BIFA запланавана 17 лютага 2023 года на Бэрлінскім кінафэстывалі “Берлінале”. “Арганізацыя была створаная ў адказ на пастаянную пагрозу пераследу, турэмнага зняволення і катаванняў у дачыненні да незалежных мастакоў, якія жывуць у Беларусі, якія вымушаныя пакідаць краіну, каб працаваць па-за дзяржаўнымі рэпрэсіямі”, – распавядаецца на сайце амерыканскага штотыднёвіка Variety, які піша пра падзеі ў свеце шоў-бізнеса.

У ініцыятыўную групу кінаакадэміі ўвайшлі: рэжысёры Дар’я Жук, Аляксей Палуян і Андрэй Куціла, прадзюсар, рэжысёр і дырэктар кінафестывалю “Паўночнае ззянне” Воля Чайкоўская, кінаэксперт і фестывальны адборнік Ігар Сукманаў, кінакрытык Ірэна Кацяловіч, паведамляе “Польскае радыё”.

У межах “Берлінале” будуць прэзентаваныя 10 беларускіх кінапраектаў у працы для пошуку партнёраў. Таксама будзе працаваць стэнд Беларускай незалежнай кінаакадэміі, да якога далучыцца кінапрадусар Леанід Каліценя як прадстаўнік Беларускай сеткі фільммэйкераў.

Нагадаем, што на Восьмым кінафестывале “Паўночнае ззянне”, які адбыўся напрыканцы 2022 года, фільм “Мара” рэжысёра Сашы Кулак стаў пераможцам беларускага конкурсу.