Колькасць прызнаных беларускіх палітвязняў дасягнула 1465 чалавек
16 сакавіка 2023
169

Беларускія праваабаронцы прызналі палітвязнямі года яшчэ 20 зняволеных 15 сакавіка 2023 года.

Новымі прызнанымі палітзняволенымі сталі Вольга Барушка, Наталля Пятровіч, Андрэй Сцепанюк, Аляксей Ушакоў, Аляксей Аляксейчык, Кірыл Плакушчаў, Максім Камкоў, Павел Трафімчук, Пётр Старацітараў, Андрэй Аляшкевіч, Станіслаў Ільін, Аляксей Мігно, Дзмітрый Гарбуноў, Яўген Мірась, Леанід Уласюк, Дзмітрый Лазар, Мікалай Клімовіч, Сяргей Зайкоўскі, Юрый Бубноў, Кацярына Калыбенка, паведамляе Праваабарончы цэнтр “Вясна”.

Большасць з іх (13 чалавек) з’яўляюцца фігурантамі спраў па “абразе” ці “паклёпе” на Аляксандра Лукашэнку. Гэта – Пятровіч, Сцепанюк, Ушакоў, Старацітараў, Аляшкевіч, Ільін, Гарбуноў, Мірась, Уласюк, Лазар, Клімовіч, Зайкоўскі, Бубноў. 

У той жа час Барушка асуджана нібыта за абразу прадстаўніка ўлады і суддзі да двух гадоў калоніі. Аляксейчык – за заклікі да санкцый да двух гадоў і шасці месяцаў калоніі. Плакушчаў – за нібыта псаванне маемасці пратэснымі надпісамі да аднаго году і шасці месяцаў калоніі. Камкоў – за нібыта абразу прадстаўніка ўлады да аднаго года і шасці месяцаў абмежавання волі з накіраваннем у папраўчую ўстанову адкрытага тыпу (“хімія”). Трафімчук нібыта за тое ж самае, што і Камкоў, да двух гадоў і шасці месяцаў “хіміі”. Мігно – за зняты дзяржаўны сцяг да аднаго года калоніі. Калыбенка – за каментар у інтэрнэце ў адносінах да супрацоўніка МУС да трох гадоў шасці месяцаў “хіміі”.

Мы лічым пераслед і пазбаўленне волі названых асоб палітычна матываваным, звязаным з мірнай рэалізацыяй выказвання меркавання, а іх саміх палітычнымі зняволенымі”, – заячўляюць праваабаронцы, патрабуючы вызваліць вышэйназваных грамадзян і “ўсіх палітычных зняволеных і спыніць палітычныя рэпрэсіі супраць грамадзян краіны”.

Адзначым, што колькасць прызнаных палітвязнямі ў Беларусі на 27 лютага 2023 года складала 1452 чалавекі. Калоніі пакідаюць адны асуджаныя за “палітыку”, а на іх месца прыходзяць наступныя.