
Яшчэ 11 чалавек, пераследуемых рэжымам Лукашэнкі, беларускія праваабаронцы прызналі палітвязнямі. Практычна ўсе яны абвінавачваюцца ў распальванні варожасці.
Новымі прызнанымі палітзняволенымі названы Аляксей Кузьмін, Аляксей Дайнэка, Уладзіслаў Купрыянаў, Андрэй Ражкоў, Сяргей Савіч, Аляксандр Петушкоў, Сяргей Захаранка, Сяргей Мацюхевіч, Арцём Воўна, Вадзім Васільеў і Станіслаў Кузміцкі, паведамляе Праваабарончы цэнтр “Вясна”.
Так, Кузьмін і Купрыянаў, узятыя пад варту за перадачу дадзеных дзяржаўных службоўцаў, датычных да рэпрэсій, у пратэсныя Telegram-каналы. За каментары ў сацыяльных сетках з заклікамі да санкцый узяты пад варту Савіч.
Дайнэка асуджаны за каментары ў сацыяльных сетках да аднаго года і шасці месяцаў пазбаўлення волі. Ражкоў за тыя ж дзеянні асуджаны да трох гадоў калоніі.
Петушкоў асуджаны да сямі гадоў і шасці месяцаў пазбаўлення волі за каментары ў Інтэрнэце пра неабходнасць аднаўлення пратэстаў, “абразу” А. Лукашэнкі, удзел у мірных пратэстах.
Захаранку прысудзілі чатыры гады калоніі за “паклёп” на А. Лукашэнку, “абразу” яго і іншых службовых асоб, перадачу дадзеных асобаў, датычных да задушэння пратэстаў, у інтэрнэт-рэсурсы, прызнаныя экстрэмісцкімі.
Мацюхевіч асуджаны на тры гады пазбаўлення волі за выказванні ў Інтэрнэце пра магчымасць супраціву падаўленню пратэстаў.
На восем гадоў зняволення прыгавораны Воўна за перадачу дадзеных супрацоўнікаў органаў унутраных спраў у пратэстныя інтэрнэт-рэсурсы.
Таксама да восьмі гадоў калоніі асуджаны Васільеў пратэсную дзейнасць у якасці адміністратара Telegram-каналаў. За падобныя дзеянні да 15 гадоў асуджаны Кузміцкі.
“У чарговы раз падкрэсліваем, што ў шэрагу пералічаных выпадкаў характар дзеянняў абвінавачаных быў вынікам сістэматычных, шырока распаўсюджаных парушэнняў правоў чалавека, адсутнасці магчымасці свабоднага выказвання меркавання, быў выкліканы адсутнасцю расследавання злачынстваў у дачыненні да мірных пратэстоўцаў і іншых ахвяраў жорсткага абыходжання і катаванняў, расчараваннем у здольнасці ўладаў выкарыстоўваць сілу закона дзеля абароны парушаных правоў грамадзян, адсутнасцю справядлівага суда і ўмоваў для дэмакратычнай і канстытуцыйнай змены ўлады на сапраўдных выбарах”, – паведамляюць праваабаронцы.
Яны патрабуюць ад лукашэнкаўскіх улады неадкладна вызваліць усіх палітычных зняволеных.
Нагадаем, што на 12 лістапада 2022 года агульная лічба тых, хто адбывае пакаранне ці падазраваецца ў злачынствах з-за палітычных прычын, была 1425 чалавек.
Матэрыялы па тэме: