Колькасць прызнаных палівязнямі ў Беларусі дасягнула 1343 чалавек
21 верасня 2022
146

Беларускія праваабаронцы прызналі палітзняволенымі двух журналістаў – Івана Мураўёва і Яўгена Меркіса. Паводле лукашэнкаўскіх законаў, яны лічацца экстрэмістамі.

Журналіст, аператар і фатограф Іван Мураўёў ужо затрымаўся ў жніўні 2020 года. Цяпер яму выставілі абвінавачанне паводле ч. 3 арт. 361-1 Крымінальнага кодэкса (удзел у экстрэмісцкам фармаванні). На дадзены момант Іван Мураўёў знаходзіцца ў СІЗА №1 г. Мінска.

Яўгена Меркіса, які асвятляў акцыі пратэсту пасля прэзідэнцкіх выбараў 2020 года, неаднаразова затрымлівала міліцыя, праз суды штрафавала і адпраўляла на суткі. Пасля прызнання шэрагу незалежных СМІ экстрэмісцкімі фармаваннямі, Яўген займаўся краязнаўчай дзейнасцю. Яго абвінавачваюць па арт. 361-4 Крымінальнага кодэкса (садзейнічанне экстрэмісцкай дзейнасці).

Рэальнымі падставамі крымінальнага пераследу Івана Мураўёва i Яўгена Меркіса з’яўляюцца палітычныя матывы, скіраваныя на спыненне ці змяненне характару ix публічнай дзейнасці дзеля законных мэтаў у сувязі з негвалтоўным ажыццяўленнем свабоды выказвання меркаванняў і распаўсюду інфармацыі”, – гаворыцца ў калектыўнай заяве беларускіх праваабаронцаў, размешчанай на сайце Праваабарончага цэнтру “Вясна”.

Нагадаем, што на 1 верасня 2022 года ў зняволенні знаходзіліся 1 324 палітвязні, а за жнівень іх колькасць павелічылася на 92 чалавекі.