Кулеба: на кожны абстрэл з Беларусі Украіна рэагуе нотай пратэсту
11 жніўня 2022
135

Міністар замежных справаў Украіны Дзьмітро Кулеба заявіў, што ўкраінскі бок кожны раз рэагуе на абстрэлы з тэрыторыі Беларусі дыпляматычнымі нотамі пратэсту.

«Мы падтрымліваем функцыянаванне вельмі дакладнага мэханізму: на кожны абстрэл з тэрыторыі Беларусі ў кірунку тэрыторыі Ўкраіны мы рэагуем адпаведнымі нотамі пратэсту. Мы робім гэта для фіксацыі адпаведных фактаў, якія рана ці позна — мы працуем, каб гэта сталася рана — былі выкарыстаныя для пацьвярджэньня наданьня Беларуссю сваіх прасторы і тэрыторыі для ажыцьцяўлення расейскай агрэсіі супраць Украіны», — сказаў Дзьмітро Кулеба 11 жніўня 2022 года на брыфінгу ў Кіеве, адказваючы на пытанне “Радыё Свабода“.

Кіраўнік МЗС Украіны таксама дадаў, што фармальна беларуская амбасада працягвае дзейнічаць на тэрыторыі Ўкраіны.

«Што да графіку зменаў працы беларускай амбасады, то наколькі мне вядома, яна эвакуавалася з Кіева літаральна ў першыя тыдні вайны. Я памятаю гэты працэс. І з таго часу беларускія дыпляматы ў Кіеў не вярталіся, хоць юрыдычна амбасада працягвае функцыянаваць», — адзначыў Дзьмітро Кулеба.

Па даных генштаба ВСУ, з тэрыторыі Беларусі неаднаразова выпускалі дзясяткі снарадаў.