Латушка: Аб’яднаны пераходны кабінет зможа выдаваць пашпарты РБ
10 верасня 2022
247

Выдача пашпартоў ад імя Аб’яднанага пераходнага кабінету адпавядае стратэгіі ААН па прадухіленні безграмадзянства.

Калі Лукашэнка пойдзе на тое, каб пазбаўляць грамадзянства беларусаў, якія пражываюць за мяжой, і гэта будзе значная колькасць беларусаў, гэта прывядзе да таго, што ў нас абсалютна ёсць права пачаць выдачу пашпартоў Рэспублікі Беларусь ад імя пераходнага кабінету Беларусі і дабівацца прызнання гэтых пашпартоў за мяжой”, – выказаў уласнае мяркаванне у эфіры “ЕўрарадыёПавел Латушка, які з’яўляецца прадстаўніком Аб’яднанага пераходнага кабінета Святланы Ціханоўскай па транзіце ўлады.

Ён нагадаў, што стратэгіяй ААН з’яўляюцца патрабаванне да ўсіх урадаў, каб памяншалася колькасць асобаў, якія не маюць грамадзянства. “Калі Лукашэнка будзе парушаць прынцыпы Арзанізацыі Аб’яднаных Нацый і будзе павялічваць сваімі адмысловымі рашэннямі, неабгрунтаванымі рашэннямі колькасць асобаў без грамадзянства, у нас ёсць права ставіць гэта пытанне. Гэта варта будзе абмяркоўваць унутры кабінета, а пазней з нашымі партнерамі”, – заявіў Латушка, адзначыўшы, што “такога не было, але ўсё рэальна, калі на гэта працаваць. Гэта пытанне часу, высілкаў, энергіі, жадання, волі”.

Раней Аляксандр Лукашэнка прапанаваў разгледзіць пытанне пазбаўлення грамадзянства РБ тых, хто з’ехаў з Беларусі і нібыта працягвае здзяйсняць злачынства супраць яе. “В рамках подготовленного законопроекта нужно еще раз посмотреть на тех, кто, выехав за границу, действует во вред государству и народу, совершая преступления. Такие известны, все до единого. Мы их знаем. Достойны ли эти люди оставаться гражданами Беларуси, если они сбежали из родной страны и фактически разорвали с ней связь? Вопрос касается того, что многие депутаты да и граждане поднимали вопрос: сбежали, вредят, преступники фактически и продолжают преступную деятельность – предложено было лишать их гражданства”, – цытуе Лукашэнку сайт “Прэзідэнт Рэспублікі Беларусь”.

Згодна арт 20. закона “Аб грамадзянстве РБ”, падставай для адмовы у спыненні грамадзянства Беларусі з’яўляецца, у прыватнасці, тое, што чалавек з’яўляецца абвінавачаным альбо ў дачыненні да яго маецца  абвінаваўчы прысуд суда, які ўступіў у законную сілу і падлягае выкананню.

Спыненне грамадзянства РБ магчыма толькі з-за выйсця альбо страты яго. Страціць грамадзянства РБ для дарослага чалавека магчыма толькі з-за паступлення на вайсковую службу, службу ў паліцыю, органы бяспекі, юстыцыі ці іншыя дзяржаўныя органы замежнай дзяржавы пры адсутнасці падстаў, прадугледжаных арт. 20 закона “Аб грамадзянстве РБ”.