Латушка заклікаў лукашэнкаўскіх дыпламатаў ўзняць нацыянальныя сцягі над пасольствамі
23 студзеня 2023
24

З нагоды Дня дыпламатычнага работніка прадстаўнік Аб’яднанага пераходнага кабінета па транзіце ўлады і кіраўнік Народнага антыкрызіснага ўпраўлення (НАУ) Павел Латушка звярнуўся да сваіх былых калегаў па дыпламатычнай працы.

Кожны, хто хоча далучыцца да дэмакратычных сіл Беларусі мае магчымасць сысці ў адстаўку, падняць бел-чырвона-белы сцяг над пасольствам або консульствам, запісацца ў праграму “Кадравы рэзерв” Аб’яднанага пераходнага кабінету Беларусі, напісаць у чат-бот НАУ, што зрабілі ўжо многія вашы калегі”, – заявіў Павел Латушка 22 студзеня 2023 года, звяртаючыся да тых дыпламатычных супрацоўнікаў, якія працягваюць служыць рэжыму Аляксандра Лукашэнкі. Сам ён з 1995 па 2019 год працаваў у дыпламатычных структурах Міністэрства замежных спраў (МЗС) Беларусі.

У аснове міжнародных адносін ляжаць народы і іх інтарэсы, а ў аснове працы дыпламата – прадстаўленне гэтых інтарэсаў і выбудоўванне на іх аснове ўзаемавыгадных адносін з партнёрамі. Але вы не прадстаўляеце народ Беларусі, не прадстаўляеце яго інтарэсы, не прадстаўляеце Беларусь. Вы прадстаўляеце толькі Лукашэнку і гандлюеце інтарэсамі беларусаў падаручэнні дыктатара. Вось хто такі беларускі дыпламат сёння, і менавіта так на вас глядзяць у свеце”, – упэўнены кіраўнік НАУ.

Тым не менш, паводле яго, у беларусаў і Беларусі ёсць сапраўдныя дыпламаты. “Прычым пераважная большасць з іх ніколі не мела ні дыпламатычных рангаў, ні ў прынцыпе якога-небудзь дачынення да структур беларускага МЗС. Я кажу аб нашай дыяспары і яе замежных структурах, я кажу пра Народныя пасольствы, пра выпускнікоў дыпламатычных курсаў праграмы “Новыя кадры для Новай Беларусі”, пра тых, хто далучаецца да праграмы “Кадравы рэзерв”. Але, вядома, і пра тых сумленных дыпламатаў, якія пакінулі службу на рэжым і сталі на бок народа”, – заявіў былы дыпламат, закончыўшы свой зварот словамі “Жыве Беларусь!

Нагадаем, што ў снежні 2022 года пачалі навучанне слухачы трэцяга набору дыпламатычнага курса ў Інстытуце Усходняй Еўропы Варшаўскага ўніверсітэта. Паводле інфармацыі Нацыянальнага антыкрызіснага ўпраўлення (НАУ), у трэцім наборы прымае ўдзел 15 слухачоў. Раней выпускнікамі дыпкурса сталі каля 50 беларусаў.

У жніўні 2022 года валанцёры Офісу Святланы Ціханоўскай апублікавалі карту з пазначэннем краін, з якімі ўдалося ўстанавіць «дыпламатычныя сувязі». Паводле іх, за два гады Ціханоўская сустрэлася з лідэрамі 35 краін, з некаторымі краінамі былі дасягнуты дамоўленасці на ўзроўні міністэрстваў замежных спраў. Таксама валанцёры сцвярджалі, што ў некаторых дзяржавах офіс мае сяброўскіх дэпутатаў парламентаў, а ў 10 краінах — цэлыя групы сяброў Беларусі.

Фота і відэа: тэлеграм-канал НАУ